Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісаў указ аб прыпыненьні Расеяй выкананьня дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасьці (РСМД), які быў падпісаны паміж СССР і ЗША. Аб гэтым паведамляе сайт Крамля.
Паводле ўказу, рашэньне было прынятае «у сувязі з парушэньнем Злучанымі Штатамі Амэрыкі сваіх абавязаньняў у дамове». Міністэрства замежных спраў Расеі мусіць паведаміць амэрыканскаму боку аб прынятым рашэньні. Указ аб прыпыненьні выкананьня дамовы ўступіў у сілу сёньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: Горш, калі амэрыканскія ракеты разьмесьцяць на тэрыторыі ЎкраіныРаней генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг заявіў, што вайсковы альянс плянуе будучыню сьвету без дамовы РСМД. Кіраўнік альянсу заявіў, што ў Масквы ёсьць апошняя магчымасьць захаваць дамову. Ён заклікаў Расею скарыстацца гэтай магчымасьцю. Столтэнбэрг падкрэсьліў, што NATO не імкнецца да новай гонкі ўзбраеньняў і ня будзе разьмяшчаць у Эўропе новыя ядзерныя ракеты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амэрыканцы лічаць Расею галоўным ворагам і «крытычнай пагрозай» для ЗШАЗША з 2 лютага пачалі працэдуру выхаду з дамовы РСМД. Дакумэнт быў падпісаны Рональдам Рэйганам і Міхаілам Гарбачовым у 1987 годзе. ЗША лічаць, што прынятая на ўзбраеньне расейскім войскам ракета 9М729 «Наватар» парушае ўмовы дамовы.
Што важна ведаць пра дамову аб ліквідацыі РСМД
ЗША 2 лютага пачалі выходзіць з Дамовы аб ліквідацыі РСМД. У адказ на гэта Ўладзімір Пуцін 2 лютага заявіў, што Расея прыпыняе ўдзел у дамове.
- Вашынгтон сьцьвярджае, што Масква парушыла дамову аб РСМД, стварыўшы і разгарнуўшы ракетную сыстэму 9М729. Цяпер Расея валодае 100 такімі ракетамі.
- Масква абвяргае ўсе абвінавачаньні, заяўляючы, што далёкасьць палёту ракеты 9М729 складае 480 кілямэтраў, што на 20 кілямэтраў менш за ніжнюю мяжу, вызначаную дамовай.