Як Пуціну даводзяць карысьць далучэньня Беларусі

Аляксандар Баўнаў

Пра гэта распавёў вядомы расейскі палітоляг, рэдактар інтэрнэт-выданьня Carnegie.ru Аляксандар Баўнаў. Пра крамлёўскія падыходы да беларускага пытаньня ён казаў падчас «круглага стала» пад назвай «Зьліцьцё ці развод. Што чакае адносіны Расеі і Беларусі» ў Маскоўскім цэнтры Карнэгі.

Сьцісла:

  • У Крамлі адбываецца кастынг праектаў, як працягнуць прэзыдэнцкія паўнамоцтвы Пуціна пасьля 2024 году, беларускі праект — адзін зь іх
  • Аргумэнты адэптаў «беларускага праекту»:
  • Пазьней ужо будзе позна
  • У Беларусі насельніцтва больш прарасейскае, чым улада
  • У Беларусі аўтарытарны рэжым, там няма незалежнай ад улады эліты, таму там трэба ціснуць на адну кропку

Баўнаў: Калі мы разважаем з пэрспэктывы 2024 году, не патрэбная інтэграцыя, нават не патрэбная адзіная валюта, а трэба абвясьціць пра стварэньне канфэдэратыўнай дзяржавы, а не саюзу дзяржаваў, як зараз гэта ёсьць. У гэтай канфэдэратыўнай дзяржаве будзе пасада ці прэзыдыюм з двух прэзыдэнтаў.

Гэта фантазіі, але абсалютна дакладна, што выбар спосабу расейскага транзыту яшчэ ня зроблены. Беларускі варыянт знаходзіцца на стале і адбываецца кастынг праектаў. Беларускі праект не адкінуты, у яго ёсьць свае куратары. Зразумела, што гэтыя куратары зацікаўленыя ў тым, каб іх праект перамог.

Пуціну ў пэўным сэнсе ўсё роўна, яму трэба, каб яму знайшлі рашэньне. Гэтыя рашэньні прапаноўваюць розныя людзі з розных бакоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Ўкраіна ўжо ніколі ня стане Беларусьсю

Я ведаю, што гэтая тэма распрацоўваецца. Мне спачатку здавалася, што гэта абсурд. Мне здавалася, што апёкшыся на Данбасе, пераацаніўшы прарасейскія настроі ў Данбасе, ніхто ня будзе замахвацца на сувэрэнітэт цэлай постсавецкай дзяржавы, разумеючы, што крымскага ўзроўню падтрымкі там няма.

Ёсьць іншы набор аргумэнтаў, якія прыводзяць у Крамлі прыхільнікі гэтага варыянту. Яны гавораць, што гэта трэба рабіць зараз, бо потым ужо будзе позна. Калі шанец ёсьць, то цяпер ён большы, чым праз 10 гадоў. Чым далей, тым менш савецкіх і постсавецкіх людзей у любой краіне былога СССР.

Акрамя таго, да Ўкраіны мы кепска падрыхтаваліся, Майдан здарыўся раптоўна. А тут у нас ёсьць час падрыхтавацца, мы ня надта сьпяшаемся. У нас ёсьць запас у некалькі гадоў, у нас ёсьць краіна, дзе насельніцтва больш прарасейскае, чым улада.

І гэта можна выкарыстаць. Ня ў тым сэнсе, што вывесьці на вуліцы прарасейскі Майдан — ні ў якім выпадку. Гэтага ў Беларусі ня можа адбыцца, ня той тэмпэрамэнт.

Беларусь па часе адстае ад многіх постсавецкіх рэспублік. Там па сутнасьці кіруе першы постсавецкі прэзыдэнт, гэта наступнае пакаленьне за яшчэ савецкімі лідэрамі Белавежжа. Лукашэнка — гэта быццам бы Кучма ва Ўкраіне. Пры Кучму адносіны паміж Расеяй і Ўкраінай былі бліскучыя. Калі б тады былі вагары, каб падцягнуць Украіну бліжэй, гэта магчыма і атрымалася б.

Прэм'ер-міністры Рэспублікі Беларусь

І трэці аргумэнт — гэта аўтарытарны рэжым і там няма незалежнай ад улады эліты. І там у прынцыпе трэба ціснуць на адну кропку. Ва Ўкраіне было бессэнсоўна ціснуць на Януковіча, бо акрамя Януковіча ёсьць алігархі, якія вельмі баяцца, што прыйдуць расейцы і адбяруць іх багацьце. Там была велізарная, разгалінаваная палітычная кляса. У Беларусі няма ні алігархаў, ні ўласнай палітычнай клясы. Ёсьць свая бюракратыя. Ёй больш-менш абыякава каму служыць, калі ёй прапануюць добрыя ўмовы.

Вось такі набор аргумэнтаў гучыць у Крамлі, падмацоўваючы тэзіс, што зараз — апошні шанец.