Як ва ўмовах жорсткай палянізацыі застацца сабой. Споведзь беларускі Падляшша

Галіна Максімюк на аўтарскай сустрэчы з вучнямі беларускага ліцэю ў Гайнаўцы. Фота Ізабэлы Дзенісюк.

Госьця Свабоды — літаратарка, перакладчыца Галіна Максімюк, якая днямі прэзэнтавала на Падляшшы ў Нарве, Гайнаўцы, Беластоку і Бельску сваю першую кнігу «Biêlśk, Knorozy, Ploski (i inšy vjoski)», напісаную па-падляску (po-svojomu).

Сьцісла

  • Калі пачала пісаць успаміны па-падляску, адчула, што знайшла мову, на якой пішацца так лёгка, як дыхаецца.
  • Вярнулася пасьля прэзэнтацый такая шчасьлівая, якой адчувала сябе толькі ў дзяцінстве ў магічным Бельску, Кнаразах і Плёсках 1960-х.
  • У так званым «беларускім ліцэі» ў Бельску мелі ўрокі беларускай мовы, але на перапынках вучні і настаўнікі гаварылі выключна па-польску.
  • Паводле перапісу, на кожных 10 падляскіх беларусаў 7 гавораць дома на падляскай гаворцы, а толькі 2 — на літаратурнай мове.

«Патэнцыйна падляская мова мае 50 тысяч чытачоў»

— Галіна, як я пабачыла па фотасправаздачах у Фэйсбуку, на вашыя прэзэнтацыі прыходзілі да 70 чалавек. Ня кожная менская прэзэнтацыя зьбярэ столькі чытачоў і адначасна пакупнікоў кнігі. А колькі ўвогуле вы можаце мець патэнцыйных чытачоў, людзей, якія гавораць і чытаюць па-падляску?

​— Ніхто не праводзіў апытаньняў, колькі людзей можа чытаць па-падляску. Можна толькі прыкінуць. Паводле перапісу 2002 году, 33 тысячы чалавек на Падляшшы, для якіх роднай мовай зьяўляецца падляская гаворка, запісаліся беларусамі і сказалі, што гавораць дома па-беларуску. «Па-беларуску» у гэтым выпадку значыла «па-падляску»: тады яшчэ не было такога тэрміну, як «падляская мова». Ён зьявіўся толькі ў 2005 годзе, калі мой муж, Ян Максімюк, пачаў з Прагі кампанію за тое, каб надаць падляскім гаворкам без аканьня/яканьня і цеканьня/дзеканьня статус нармальнай пісьмовай мовы ў беларускім асяродзьдзі на Падляшшы, адначасова прапануючы свой правапісна-граматычны стандарт.

Галіна Максімюк чытае апавяданьне «Čom ja vrodiłasie, a moju koležanku znajšli v kapusti», Беласток, 21 лютага 2019 г.

Я думаю, да гэтых 33 тысяч можна дадаць яшчэ тысяч 20, маючы на ўвазе тых людзей на Падляшшы, якія ведаюць падляскую мову з роднай хаты, але запісаліся палякамі, бо ўжо не ідэнтыфікоўвалі сябе з той беларускасьцю, якую нясуць афіцыйныя структуры і мэдыі ў беларускім руху, што ўжываюць выключна літаратурную мову. Я думаю, што патэнцыйна 50 тысяч чытачоў падляская мова мае. Маю на ўвазе пісьмовы варыянт падляскай мовы, якая запісваецца лацінскім альфабэтам. Кірылічная азбука памяншае рэальны лік такіх чытачоў разоў у 10-15.

Галіна Максімюк падпісвае кніжку на сустрэчы ў Беластоку.

Мяркуючы ня толькі па маіх прэзэнтацыях, на Падляшшы цяпер узьнікла нешта накшталт чытацкага boom’у для выданьняў на падляскай мове. Мы зь Янам правялі пяць прэзэнтацый — у Нарве, Гайнаўцы (дзьве), Беластоку і ў маім родным Бельску — на якіх прадалі каля 200 асобнікаў кніжкі, яшчэ 50 узялі кнігарні, і ў мяне на руках застаецца ўсяго 50 асобнікаў.

Людзі на прэзэнтацыях куплялі па дзьве-тры кніжкі. Казалі, што дадатковыя асобнікі — для дзяцей, «каб яны не забылі роднай мовы»; або для знаёмых, якія ня здолелі прыйсьці на прэзэнтацыю; або на падарункі для сваякоў. Калі я падпісвала кнігі, мне расказвалі розныя гісторыі. Галоўныя матывы — шкадаваньне, што не навучылі дзяцей роднай мове, пошук апраўданьня, спроба раскаяньня, бо ў горадзе саромеліся сваёй мовы, а цяпер запозна яе зьберагчы. З другога боку яны былі вельмі задаволеныя, што нехта напісаў кніжку на іх роднай мове, і столькі добрых словаў ад незнаёмых людзей, якія былі выказаныя ў мой адрас за чатыры дні на Падляшшы, я ня чула ніколі раней у жыцьці.

Ян і Галіна Максімюкі на сустрэчы ў Бельску, родным горадзе аўтаркі.

Таксама я вельмі радавалася за свайго мужа. Калі ў 2005 годзе мой Ян выступіў з пастулятам, што з увагі на дэмаграфічна-моўную сытуацыю на Падляшшы другое дыханьне беларускаму руху можа даць увядзеньне падляскай мовы ў пісьмовасьць і ў СМІ, ніхто з «тузоў» беларускага руху яго не падтрымаў. Прапанова, мабыць, падалася нейкім трызьненьнем або летуценьнем. Ян адначасова сьцьвярджаў, што кірыліцы на Падляшшы надышлі капцы, і калі пакаленьне беларускіх дзеячоў-вэтэранаў хоча яшчэ мець кантакт з пакаленьнямі сёньняшніх вучняў і ліцэістаў, то абавязкова трэба пачаць пісаць лацінкай. Гэтага было ўжо занадта! Але цяпер гэтыя два пастуляты — пісьмовая падляская мова і лацінка для беларусаў Падляшша — амаль што «хадзячыя ісьціны».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ян Максімюк і прарыў на падляскім фронце

Я не скажу, што нашыя беларусы ўжо цалкам звыкліся з лацінкай для сваіх тэкстаў, але ніводзін чалавек з тых, што купілі амаль дзьве сотні маіх кніжак, ня тое што не папракнуў, чаму кніжка надрукаваная лацінкай, але і ня выказаў ніякага зьдзіўленьня. Адна жанчына сказала, што варта было б перанесьці «інструкцыю па карыстаньні лацінкай» з канца на пачатак кнігі дзеля большай зручнасьці. Мая 80-гадовая мама, якая ніколі раней не спрабавала чытаць беларускай лацінкі, узяла маю кніжку і стала адразу чытаць так, як быццам ніякіх іншых кніжак у жыцьці не чытала, толькі на падляскай мове лацінскім альфабэтам...

«Хацелі нібыта добра, а скончылі як усе — плюнулі на падляскую мову»

— Падляская — гэта вашая родная мова ад нараджэньня, на якой вы гаварылі з бацькамі, сябрамі, суседзямі, але ня ў школе, не ва ўнівэрсытэце. Як падляская стала вашай пісьмовай, літаратурнай мовай?

Кнаразы на Падляшшы, другая палова 1960-х. Аўтарка і некаторыя зь герояў яе кніжкі.

— Так, гэта была мая першая мова, і я ўдзячная бацькам, што яны гаварылі са мной па-свойму і тады, калі мы пераехалі з бацькавай вёскі Плёскі (маміна вёска — Кнаразы, па-суседзку з Плёскамі) у Бельск. Мне быў год, калі мы перасяліліся ў Бельск. Польскую мову я стала засвойваць, калі мне было тры-чатыры гады. На нашай вуліцы сяліліся і беларусы-праваслаўныя, якія наогул гаварылі па-свойму, і палякі-каталікі, якія гаварылі па-польску. Спакваля мова дзяцей з нашай вуліцы рабілася польскай, хоць дома з бацькамі я ўвесь час гаварыла па-падляску.

Вокладка кніжкі Галіны Максімюк “Biêlśk, Knorozy, Ploski (i inšy vjoski)”

А школа, безумоўна, палянізавала наймацней. І я кажу ня толькі пра сваю базавую адукацыю (клясы 1-8), але і пра гэтак званы «беларускі ліцэй» імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску. Там мы мелі ўрокі беларускай мовы, але на перапынках як вучні між сабою, так і настаўнікі з вучнямі гаварылі выключна па-польску. Я толькі з адной сяброўкай з клясы гаварыла па-падляску. Іншыя ўжо гаварылі са мною па-польску. Дый настаўнікі не заахвочвалі захоўваць нашу падляскую мову.

Мне помніцца, як адна настаўніца беларускай мовы закаціла галасісты скандал, калі адзін з нашых калегаў адазваўся да яе на перапынку па-свойму. «Jak śmiesz, — крычала, — mówić do mnie w tym języku?!» Вось так прыблізна выглядала наша нацыянальная адукацыя ў намінальна беларускім ліцэі пад канец 1970-х і ў пачатку 1980-х гадоў. Нейкі непрыемны асадак ад гэтага ліцэя застаўся ў мяне на ўсё жыцьцё. І мяне ня надта зьдзіўляе, што пры такім падыходзе да падляскай мовы якраз з гэтага ліцэя выйшла пазьнейшае ядро ўкраінскага руху на Падляшшы — тыя хлопцы пераарыентаваліся зь беларусаў (ці хутчэй з палякаў, на якіх выхоўваў іх наш ліцэй) на ўкраінцаў. Маўляў, украінская сьвядомасьць дапаможа ім захаваць хатнюю мову, якой грэбуе школа. Хацелі нібыта добра, а скончылі як усе — плюнулі на падляскую мову і пайшлі пісаць на ўкраінскай літаратурнай.

Вучні ліцэя ў Гайнаўцы сьпяваюць падляскія калыханкі на сустрэчы з Галінай Максімюк.

І як беларускі рух на Падляшшы, які сутаргава трымаецца беларускай літаратурнай мовы, так і нашыя ўкраінцы са сваёй літаратурнай украінскай апынуліся ў нацменшасным запаведніку, жыцьцё якога падтрымліваецца хутчэй дзяржаўнымі грантамі, чым жывым грамадзкім запатрабаваньнем.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Безназоўнае Падляшша

Ва ўнівэрсытэце ў Варшаве, куды я пайшла вывучаць польскую філялёгію ў 1981 годзе, мая беларуская адукацыя, як ні парадаксальна, палепшылася. Там я сустрэла старэйшых студэнтаў з Падляшша, сярод іх Яна, якія пачалі арганізоўваць Беларускае аб’яднаньне студэнтаў і якія прынцыпова, ня гледзячы на абставіны, гаварылі з намі па-падляску і па-беларуску. Ніхто тады не дадумаўся пісаць па-падляску, але тое мулкае пачуцьцё, што наша падляская мова не прыгодная для беларускай сьвядомасьці — паменшала. Ды як яно магло не паменшаць, калі, як аказалася 20 гадоў пазьней у перапісе, на кожных 10 падляскіх беларусаў 7 гавораць дома на падляскай гаворцы, а толькі 2 — на гаворках літаратурнай мовы. У нас у Варшаве практычна кожны, хто лічыў сябе беларусам, гаварыў па-падляску.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ёсьць такая мова

А пісьмовай падляская мова для мяне стала значна пазьней. Дарэчы, ні Ян, ні я ня былі першымі, хто стаў на ёй пісаць. Але Ян стаў першым на Падляшшы, хто выступіў з радыкальным пастулятамі, пра якія я згадала — пісаць і гаварыць па-падляску ў беларускіх СМІ ў Беластоку і спакваля прызвычайваць людзей да пераходу на лацінку. Менавіта ён прапанаваў называць нашу мову падляскай, каб замяніць тыя народна-фальклёрныя назвы «па-свойму», «па-нашаму», «па-руську», бо яны насамрэч прыніжаюць гэтую мову і апраўдваюць высілкі тых дзеячаў, якія хочуць як мага хутчэй яе забыць.

Аўтарская сустрэча ў Цэнтры праваслаўнай культуры ў Беластоку. Побач з Галінай Максімюк – мастак Алег Кабзар, чые карціны ілюструюць кніжку.

Калі я пачала пісаць свае ўспаміны па-падляску, якія потым склалі кніжку «Biêlśk, Knorozy, Ploski (i inšy vjoski)», я нарэшце адчула, што знайшла мову, на якой мне пішацца так лёгка і натуральна, як дыхаецца. Я потым пераклала некалькі са сваіх гісторый зь дзяцінства на польскую мову, але пабачыла, што па-польску яны апавядаюць не зусім пра маё. Не было таго клімату і таго аўтэнтызму, якія былі ў падляскіх арыгіналах.

«Зразумела, што не змагу карыстацца беларускай мовай настолькі свабодна, каб рабіць на ёй нешта літаратурнае»

— Да таго, як вы пачалі пісаць па-падляску, вы перакладалі зь беларускай мовы на польскую і з чэскай на беларускую. А ці плянуеце перакладаць на падляскую? Што было б лягчэй?

— Яшчэ ў мінулым стагодзьдзі я пачала ўдзельнічаць у розных перакладчыцкіх праектах зь беларускай на польскую, у якіх удзельнічаў і мой муж. Я перакладала вершы Людкі Сільновай і Галіны Дубянецкай для анталёгіі «Za niebokresem Europy» (1998), эратычныя гісторыі Адама Глобуса для зборніка «Demonokameron» (1998), апавяданьні Ўладзімера Арлова для зборніка «Requiem dla piły motorowej» (2000). Калі мы ўжо пераехалі ў Чэхію, у польскім Уроцлаве задумалі выдаваць «Беларускую бібліятэку», для якой я зноў перакладала Ўладзімера Арлова для кнігі «Kochanek Jej Wysokości» (2006) і, супольна зь Янам, кнігу эсэ Валянціна Акудовіча «Dialogi z Bogiem» (2008).

Быў у мяне і эпізод зь перакладам на беларускую мову. У трэці нумар беластоцкага літаратурнага часопісу «Правінцыя» — які, як потым аказалася, спыніў сваё эфэмэрнае існаваньне на другім нумары — я пераклала навэлу чэскага пісьменьніка Яраслава Гаўлічка «Пагібель мястэчка Альшыны». Пераклад заняў у мяне год, а потым яшчэ добра пагарбелі над яго рэдагаваньнем Ян і Сяргей Шупа. Тады я зразумела, што не змагу карыстацца беларускай мовай настолькі свабодна, каб рабіць на ёй нешта літаратурнае — перакладаць на яе ці пісаць на ёй нешта сваё. Мой пераклад навэлы Гаўлічка надрукаваў у 2006 годзе менскі часопіс «Архэ», а мне яшчэ спатрэбілася гадоў дзесяць, каб зразумець, што беларускай аўтаркай я адчую сябе найпаўней, калі буду пісаць па-падляску.

Галіна Максімюк з чэскай пісьменьніцай Галінай Паўлоўскай, Міжнародны кніжны кірмаш у Празе, 2017

Хочацца перакласьці на падляскую дзьве рэчы з чэскай. Ёсьць вельмі калярытная чэская пісьменьніца і мэдыйная асоба Галіна Паўлоўская, дачка русіна і чэшкі. Яна піша вельмі файныя «бабскія гісторыі», поўныя гумару, мяккай іроніі і настальгіі, таго, што і мяне моцна кранае ў літаратуры. Я пастанавіла, што перакладу на падляскую яе кніжкі «Díky za každé nové ráno» (1994) і «Pravda o mém muži» (2013).

«Найчасьцей выходзіць па-мойму, хоць Ян, пэўна, думае, што гэта ён вырашыў»

— У адным з вашых апавяданьняў вы расказваеце даволі камічную гісторыю пра тое, як вам выбіралі імя. Маці хацела назваць вас Зосяй, бабуля — Маняй, бацька ж досыць аўтарытарна прыняў рашэньне на карысьць Галіны, і так пасьпяшаўся, што імя яго самога ў пасьведчаньні запісалі няправільна. А ў вашай сям’і за кім апошняе слова ў прыняцьці рашэньняў, і ня толькі наконт імёнаў дзяцей?

— Я вельмі ўдзячная свайму тату, што ён так мяне назваў, бо я сапраўды люблю сваё імя. І вельмі шкадую, што тата не дачакаўся выданьня маёй кніжкі. Нашаму найстарэйшаму сыну, Ігару, імя выбраў Ян. Я маўчала, але маёй маме яно ня надта спадабалася і яна спачатку крыху бурчэла. Аднак потым, мабыць, прыгадала сваркі са сваёй цёшчай, як назваць мяне, і перастала выказваць незадаволенасьць. А яшчэ пазьней усе прывыклі і ніхто ўжо ня думаў, што наш Ігар мог бы называцца інакш. Калі мы чакалі другога дзіцяці, я сказала, што як будзе дачка, то назавем яе Паўлінкай. Нарадзіўся сын, і мы назвалі яго Паўлікам. То бок тут узяло маё. А для дачкі, Марылі, мы выбралі імя ўжо ў поўнай згодзе з мужам.

Што тычыцца рашэньняў у іншых справах, дык бывае па-рознаму. Наогул бягучыя хатнія справы робім па-мойму, і Ян часта нават не ўсьведамляе некаторых з гэтых бягучых справаў. Калі трэба купіць мэблю або вопратку, дык і тут вырашаю я. Большыя выдаткі — аўтамашына, новы кацёл для абаграваньня дому — патрабуюць супольнага абмеркаваньня, але найчасьцей выходзіць па-мойму, хоць Ян, пэўна, думае, што наадварот, што гэта ён вырашыў (ха-ха!).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што ў Японіі можна даведацца пра мовы?

І толькі ў адной сфэры я без пярэчаньняў слухаюся мужа, і сваё меркаваньне, калі яно розьніцца, пакідаю выключна для сябе. Гэта мае «літаратурныя заняткі». Усё, што пішу, я даю пачытаць Яну. Калі ён скажа, што дрэнь, я без ваганьняў выкідаю тое ў сьмецьце. У Яна неблагі літаратурны густ, і ён ніколі ня крывіць душой, калі нехта падсоўвае яму графаманію. Дарэчы, гэта ён мне сказаў, што з маіх успамінаў зь дзяцінства можа атрымацца кніжачка, якая будзе цікавая людзям на Падляшшы.

Разварот кніжкі Галіны Максімюк з рэпрадукцыяй карціны Алега Кабзара.

І гэта ён прапанаваў, каб узяць карціны Алега Кабзара, «натуралізаванага» ў падляскай рэчаіснасьці мастака зь Беларусі, як ілюстрацыі для выданьня. І ён таксама папрасіў нашага шматгадовага сябра Сяргея Шупу зрабіць макет выданьня. І ён дамовіўся наконт усіх прэзэнтацый на Падляшшы.

Галіна Максімюк падпісвае кніжку чытачу на сустрэчы ў бібліятэцы ў Нарве. Справа – сястра аўтаркі Анна Дземянюк, адна з гераінь кніжкі.

Хоць мы ўжо гадоў 20 жывем у Чэхіі, людзі на Падляшшы нас не забылі і на прозьвішча Максімюк зрэагавалі вельмі прыхільна. І ўсё прайшло так фантастычна добра, што мае сустрэчы з чытачамі на Падляшшы падаюцца мне не зусім рэальнымі, а хутчэй нечым, што здарылася з кімсьці іншым. Я вярнулася пасьля прэзэнтацый у сваю чэскую вёску такая шчасьлівая, якой адчувала сябе, відаць, толькі ў дзяцінстве, у сваім магічным Бельску, Кнаразах і Плёсках 1960-х.

«На падляскую мову ніхто не працуе, акрамя такіх энтузіястаў-адзіночак як Ян Максімюк ці Дарафей Фіёнік»

— Што пагражае беларускай мове на Падляшшы, і што пагражае падляскай мове? Якая зь іх мае большыя шанцы?

— Адной і другой мове пагражае поўная асыміляцыя падляскіх беларусаў у польскай мове і культуры. Фармальна глянуўшы на сытуацыю, беларуская мова на Падляшшы мае большыя шанцы працягнуць сваё існаваньне, бо на яе працуе арганізацыйная інфраструктура, якая падтрымліваецца дзяржаўнымі грантамі, і ёсьць урокі беларускай мовы ў школах, якія б яны ні былі. На падляскую мову ніхто не працуе, акрамя такіх энтузіястаў-адзіночак, як Ян Максімюк з Прагі ці Дарафей Фіёнік зь Бельска. Але як жывая мова, яна ў народзе трымаецца значна мацней, калі параўнаць яе зь беларускімі гаворкамі, якія ўжо амаль сышлі ў небыцьцё. Праз гадоў 50, а можа і раней, і адна, і другая мова застануцца на Падляшшы адно ў кніжках. На жаль, я не магу тут сказаць нічога аптымістычнага наконт пэрспэктывы. На шчасьце, я гэтай пэрспэктывы не дачакаюся.

— Якая кніга наступная? Які пераклад наступны?

— Пра магчымы пераклад Галіны Паўлоўскай з чэскай на падляскую я ўжо сказала. Адносна сваёй наступнай кніжкі, ня выключана, што пад канец гэтага году зробім электроннае выданьне ўспамінаў з «чэскага пэрыяду» майго жыцьця. Цяпер гэтыя ўспаміны ў адрэзках друкуе беластоцкі «Часопіс» пад агульнай назвай «Môj čeśki film». І ёсьць у мяне адна туманная ідэя наконт кніжкі на польскай мове, але пакуль пра нейкую канкрэтыку ня хочацца гаварыць.

— Колькі чалавек у сьвеце піша па-падляску? Як вы мяркуеце, ці ваш прыклад натхніць іншых аўтараў?

— Ну, давайце палічым: я, мой муж, Дарафей Фіёнік, Віктар Стахвюк, Зоя Сачко, Барбара Гаральчук (гарадзкія аўтары), і яшчэ чалавек шэсьць «з народу» (вясковыя аўтары). Гэты тузін, ведаеце, зусім някепска для нацыянальнай меншасьці, якая афіцыйна не перавышае 40 тысяч чалавек, і для мовы, якая амаль татальна ігнаруецца намінальнымі ратавальнікамі гэтай меншасьці.

Нічога не магу сказаць пра свой натхняльны ўплыў на іншых. Яго, хутчэй за ўсё, няма. Але мяркуйце самі: за апошні год выйшлі чатыры кніжкі на падляскай мове — мая кніжачка прозы, зборнік вершаў «Poka» Зоі Сачко, зборнік вершаў «Na porozi» Барбары Гаральчук і кніжка для дзяцей «Kazki po-svojomu», якая прадалася нечуванай у нас колькасьцю 700 штук. Беларусы на Падляшшы нарэшце сталі пісаць і выдаваць кнігі, якія могуць зацікавіць чытача, а ня толькі такія, на якія даюць дзяржаўныя гранты і якія потым выдаўцы раздаюць задарма або і наогул пакідаюць на складзе, паставіўшы галачку ў справаздачы для спонсара.