Яна Шостак паходзіць з Горадні. Восьмы год жыве ў Польшчы. Скончыла мастацкія акадэміі ў Кракаве і Варшаве. Стала вядомай пасьля шэрагу артыстычных акцый, адна зь якіх — расьцяжка «Papa call me» («Папа, патэлефануй мне»). Так Яна вітала Папу Францішка на сусьветных Днях моладзі ў Польшчы і Панаме.
Цяпер Яна працуе над:
- ужываньнем у польскай мове новага слова «nowacy» — замест неталерантных «уцекачы» і «чужаземцы»;
- дапамогай ахвярам касьцельнай пэдафіліі;
- дакумэнтальнай камэдыяй «Mis Polonii»;
- дысэртацыяй ва ўнівэрсытэце мастацтва ў Познані;
- зьмяненьнем сьвету звонку сябе і ўнутры да лепшага.
Замест Папы Рымскага патэлефанавалі сотні чалавек з усяго сьвету
Улетку 2016 году Папа Рымскі Францішак удзельнічаў у сусьветных Днях моладзі ў Кракаве. На сустрэчы з валянтэрамі камэры ўхапілі момант, калі дзяўчына разгарнула перад біскупам Рыму вялікую расьцяжку «Papa call me» з нумарам тэлефона. Гэта была арт-акцыя Яны Шостак. Здымкі абляцелі ўвесь сьвет. Папа не адгукнуўся. Але яна атрымала сотні тэлефанаваньняў і паведамленьняў з розных краін.
Узімку 2019-га сустрэча моладзі з папам адбылася ў Панаме. Перад моладзьдзю паказаўся Францішак — і на вочы яму трапіла запрашэньне патэлефанаваць на польскі нумар, ужо многім вядомы. Расьцяжку Яна незнарок разгарнула на фоне вялізарнага сьцяга Вэнэсуэлы. Ад гэтага многія лацінаамэрыканскія СМІ памылкова прынялі яе за прадстаўніцу Вэнэсуэлы, якая хоча пагаварыць з папам пра крызіс у краіне. Гэта быў новы кантэкст акцыі.
Яне зноў пасыпаліся паведамленьні ў WhatsApp. «Тэлефанавалі і пісалі людзі, якія падтрымлівалі мяне. Іншыя прасілі перадаць папу, што яны яго любяць, і моцна абняць ад усёй Вэнэсуэлы. Прыходзілі здымкі хлопцаў у майтках, якія хацелі пазнаёміцца са мной», — сьмяецца Яна.
Пазытыўнай была жывая рэакцыя — ад аховы і паліцыі, якія хадзілі з каменнымі тварамі, але расплываліся ва ўсьмешках, калі бачылі расьцяжку Яны.
Прыдумала сынонім да слова «ўцекачы», каб павысіць талерантнасьць
«Nowacy» — так прапаноўвае Яна называць «не-палякаў», замест звыклых «уцекачоў» і «чужаземцаў» (obcokrajowcy). Новае слова ў лексыцы было дыплёмным праектам студэнткі ў Варшаўскай акадэміі мастацтва. Над ім Яна працавала год.
Студэнтка наведвала лягеры для ўцекачоў, размаўляла зь імі. Хацела нематэрыяльным чынам дапамагчы мігрантам, якія знаходзяцца ў Польшчы. Бо і сама часам адчувала сябе «трохі іншай, чым палякі».
«Ведаю, як гэта цяжка, асабліва калі ты маеш іншы колер скуры ці акцэнт. Усё гэта спараджае неталерантнасьць сярод большасьці палякаў. Непрыязь да „чужаземцаў“ выхоўвае ў людзях і тэлевізія, асабліва апошнія чатыры гады. Пад узьдзеяньнем праграм на тэлевізіі і навін, антыкампаніі супраць мігрантаў, людзі пачынаюць успрымаць агулам іншаземцаў як злых людзей, злачынцаў», — кажа артыстка.
У вынаходзтве новага слова ёй дапамагалі мовазнаўцы, артысты, людзі з Конга і Нігерыі, сябры, якія правялі «мазгавы штурм» — і нарадзілі слова.
Nowak з малой літары зьяўляецца амонімам аднаго з найбольш папулярных польскіх прозьвішчаў Nowak.
«Гэта вельмі ўдалае слова. Яно будзе добрым словам для саміх палякаў. Этымалёгія прозьвішча Новак гаворыць, што гэтыя людзі самі некалі былі новымі на гэтых землях, можа нават уцекачамі. Цяпер я адчуваю, што мая праца — больш для саміх палякаў, каб яны, дзякуючы гэтаму падабенству слова з малой і вялікай літары, маглі зразумець, што большасьць людзей паходзіць зь іншых мясьцін, што ўсе мы зьмяшаныя.
Колькі тысяч гадоў таму перасяленьне, міграцыя была нармальным спосабам жыцьця людзей, а стабільнасьць была ненармальнай. Цяпер стабільнасьць сталася нармальнай. Нашы продкі ўсе недзе перамяшаліся — і гэта нармальна», — тлумачыць Яна.
Сама яна сутыкалася з аднясеньнем яе да «чужаземцаў». «Гэта дзіўнае азначэньне — у нас зямля адна на ўсіх, як можна паходзіць з чужой зямлі?», — зазначыла артыстка.
Яне тэлефанавалі палякі, якія жывуць у Вялікай Брытаніі. Яны адчулі на сябе, што нялёгка быць мігрантам. Казалі, што будуць ужываць слова «nowacy».
Новы праект Яны — «Сэртыфікат карыстальнікаў слова». Яна заахвочвае людзей упісвацца на старонцы «Фэйсбуку» nowacy, выкарыстоўваць тэрмін. Дзякуючы гэтаму можна атрымаць сэртыфiкат карыстальнiка, якi зьяўляецца мастацкім творам. І ёсьць пляны падаць зьвесткі ў Раду польскай мовы — каб можна было афіцыйна ўнесьці ў слоўнік «nowacy».
«Касьцёл мусіць быць першым месцам, дзе можна адкрыта гаварыць пра пэдафілію»
Сёлета на сусьветных Днях моладзі ў Панаме Яна з паплечнікамі зьбірала грошы на карысьць фонду «Nie lękajcie się» («Ня бойцеся») і размаўляла з людзьмі аб праблемах пэдафіліі ў Каталіцкай царкве. Фонд быў заснаваны адной з ахвяраў «касьцельнай пэдафіліі»
Дзейнасьць фонду накіравана на псыхалягічную дапамогу ахвярам і збор інфармацыі пра «злоўжываньні» з боку духоўных асобаў, складаньне мапы пэдафіліі.
На саміце ў Ватыкане 21-24 лютага, дзе гаворка ішла пра ахвяраў пэдафіліі, сустрэчу з папам мелі і прадстаўнікі польскага фонду. Яны перадалі біскупу Рыма інфармацыю, сабраную пра польскіх біскупаў і ксяндзоў, датычных да злачынстваў.
«У мяне пыталіся на польскай тэлевізіі, пра што я хацела б пагаварыць з папам. Я б пагутарыла зь ім пра тое, што Каталіцкая царква мусіць быць першым месцам, дзе пра гэтую праблему размаўляюць. Расказала б папу пра фонд „Ня бойцеся“.
Я зрабіла рэкляму фонду на тэлевізіі, і мне патэлефанавала адна жанчына, падзякавала за інфармацыю. Бо ў яе сям’і быў выпадак пэдафіліі з боку духоўных асобаў і яна ня ведала, куды зьвярнуцца. Мой нумар тэлефона жанчына даведалася менавіта з той расьцяжкі „Папа, патэлефануй мне“. Маю надзею, што такім чынам дапамагла гэтай сям’і», — кажа Яна.
У Панаме многія людзі ахвотна размаўлялі з артысткай аб праблеме пэдафіліі ў Каталіцкай царкве, казалі, што важна не маўчаць пра такія злачынствы. Маўчаньнем ахвяраў карыстаюцца злачынцы.
«Асноўная праблема фонду такая, што многія думаюць, што ён супраць Касьцёлу. Але гэта няпраўда. Фонд ня супраць Касьцёлу, а супраць пэдафіліі ў Касьцёле. Ксёндз лічыцца духоўнай асобай, але калі тычыцца граху, то кажуць: „Ну ён жа таксама чалавек“. То і павінен плаціць за грахі так, як і іншыя людзі», — падкрэсьліла Яна.
Яна далучылася да дзейнасьці фонду, бо лічыць пэдафілію з боку духоўных асобаў «самым страшным, што можа здарыцца зь людзьмі». «Гэта вельмі цяжка псыхалягічна. Многія людзі вельмі доўга жывуць з гэтым і нікому не расказваюць. Калі раскажуць нават блізкім людзям, могуць сустрэцца зь непаразуменьнем», — дадала артыстка.
На яе думку, Касьцёл мусіць быць аддзелены ад дзяржавы, ня ўмешвацца ў палітыку і быць асабістым выбарам чалавека.
Хоча стаць «Miss Polonia», каб пазытыўна «ўзламаць» конкурс
Для сваіх праектаў Яна знаходзіць натхненьне ў жыцьцёвых праблемах і сытуацыях у грамадзтве. «Мая мара — з дапамогай сучаснага мастацтва, акцый зьмяняць сьвет рознымі крэатыўнымі спосабамі», — кажа Яна.
Яна ўдзельнічала ў Manifesta 11 — эўрапейскай біенале сучаснага мастацтва ў Цюрыху, выставах у Польшчы і за мяжой. Зьяўляецца ўладальніцай Гран-пры конкурсу «Маладыя ваўкі» (за найбольш цікавую працу маладога мастака) і Гран-пры кінафэстывалю In Out.
Цяпер Яна працуе разам з сурэжысэрам Якубам Ясюкевічам над поўнамэтражнай дакумэнтальнай камэдыяй «Miss Polonia». Фiльм мае вытворцу (WFDiF), знаходзiцца ў фазе распрацоўкi. Галоўная гераіня фільму — мастачка зь Беларусі, якая спрабуе здабыць карону «міс».
У 2020 годзе Яне будзе 27 гадоў — апошні шанец стаць «міс».
«Мы выстройваем фабулу ўнутры гэтага фільму. У ім будуць акцыі, пэрформансы, але i звычайны партрэт беларускай „навачкі“ ў Польшы.
Падчас конкурсу зь дзяўчатамi размаўляем пра фэмінітывы. Некаму гэта можа здацца глупствам. Але я, зыходзячы з сацыялягічных апытаньняў і псыхалягічных дасьледаваньняў, бачу, што калі, напрыклад, у навучальных установах не выкарыстоўваюцца фэмінітывы, то пазьней дзяўчына-студэнтка не адчувае тых магчымасьцяў і патэнцыялу, якія мае ў сабе насамрэч. Фэмінітывы — гэта вельмі, на мой погляд, важны пункт», — кажа мастачка.
Конкурсы «мiс» для Яны — «новая мэдыйная прастора, якая ўвогуле знаходзіцца па-за нашай сьвядомасьцю».
«Конкурсы прыгажосьці і цяпер глядзяць, у Польшчы за імі сочаць каля 4 мільёнаў чалавек. Існуюць такія людзі, такі сьвет, у які я вырашыла ўвайсьці», — дадае мастачка.
У 2021 годзе будзе сто гадоў зь першага конкурсу прыгажосьці. Спачатку яны служылі эмансыпацыі — вось жанчыны могуць нешта сказаць, прадэманстраваць сябе.
«У 60-80-я гады конкурсы набылі сэксісцкі характар. У эўрапейскіх краінах цырк з жывёламі адмірае натуральнай сьмерцю — пасьля галосных спраў, што нельга выкарыстоўваць жывёлаў такім чынам. Думаю, каб цяпер і быў цырк, шмат бы хто з людзей адмовіўся туды хадзіць. Конкурсы „міс“, я маю надзею, таксама адамруць натуральным чынам. А мы да гэтага трохі спрычынімся», — сьмяецца Яна.
У 17-гадовым узросьце яна ўдзельнічала ў конкурсе прыгажосьці ў Беларусі, увайшла ў топ-50 канкурсантак. Але далей адбору ў Горадні не пайшла, бо якраз паступіла вучыцца ў Кракаў.
«У Беларусі — палячка, у Польшчы — беларуска»
Як сябе ідэнтыфікуе Яна?
«У Беларусі я адчуваю сябе палячкай, у Польшчы — беларускай. Ні туды, ні сюды. У Горадні бываю, бо там мае родныя. Натуральна, хацелася бы вярнуцца ў Беларусь і працаваць у сфэры культуры. Але для нашага асяродзьдзя я дзіўная і займаюся нечым дзіўным. Можа, пройдзе час і...
Ня ведаю, ці застануся ў Польшчы, бо сытуацыя тут зьмяняецца вельмі хутка. Ніхто дакладна ня ведае, што будзе заўтра і як Польшча сама зьменіцца. Таму пакуль плянаў ня строю, застаюся ў функцыі «вечная студэнтка ў Польшчы», — дадала артыстка.