ТБМ абвясьціла ў Менску беларускамоўныя курсы для старшаклясьнікаў  

Улёткі пра беларускамоўнае навучаньне

Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны пашырае адукацыйныя курсы: да традыцыйных заняткаў па беларускай мове дадаюцца іншыя гуманітарныя дысцыпліны.

Як паведаміў Свабодзе намесьнік старшыні аб'яднаньня Ўладзімер Колас, 6 сакавіка распачынаецца новы набор на падрыхтоўчыя моўныя курсы для вучняў 7-9 клясаў.

Актыў ТБМ: Алег Трусаў, Алена Анісім, Уладзімер Колас

«Таварыства беларускай мовы штогод ладзіць курсы для старшаклясьнікаў, якія хочуць палепшыць свае веды па дысцыплінах школьнай праграмы. Будзе вывучацца перадусім беларуская мова, а таксама гісторыя, археалёгія ды іншыя прадметы гуманітарнага кірунку. Выкладаюць выдатныя спэцыялісты ўнівэрсытэцкага ўзроўню, настаўнікі з вышэйшай катэгорыяй. Як паказвае папярэдняя практыка, такія курсы карыстаюцца вялікім попытам. І, што нямалаважна, яны бясплатныя», — сказаў Уладзімер Колас.

Арганізацыйны сход з бацькамі навучэнцаў — 6 сакавіка на сядзібе ТБМ (Менск, вул. Румянцава, 13). Пачатак а 18:45.