На выбарах у 101-асабовы эстонскі парлямэнт (Рыйгікогу) правацэнтрысцкая Партыя рэформаў, якая дагэтуль была ў апазыцыі, перамагае левацэнтрысцкую Партыю цэнтру цяперашняга прэм’ера краіны Юры Ратаса.
Вынікі выбараў дазволяць лідэрцы Партыі рэформаў Каі Калас стаць першай у гісторыі Эстоніі жанчынай, якая ўзначаліць урад.
Пасьля падліку 95% галасоў Партыя рэформаў наперадзе з 29,4%, за ёй ідзе Партыя цэнтру — 22,2%.
На трэцім месцы ўпершыню апынулася правапапулісцкая Эстонская кансэрватыўна-народная партыя (EKRE) з 17,7% галасоў — удвая болей, чым на мінулым выбарах.
Выбарчая рэкляма Каі Калас
Кая Калас, 41-гадовая юрыстка, былая дэпутатка Эўрапарлямэнту, узначаліла партыю год таму. Сярод заснавальнікаў Партыі рэформаў — яе бацька Сійм Калас, былы эстонскі прэм’ер і эўракамісар.
Цяпер прэзыдэнтка Эстоніі Керсьці Кальюлайд мае прызначыць кандыдата ў прэм’еры і даручыць яму стварэньне ўрадавай кааліцыі. Абедзьве вядучыя партыі — Рэформаў і Цэнтру выключылі магчымасьць стварэньня кааліцыі з партыяй EKRE, якая падзяляе эўраскептычныя і антыімігранцкія погляды.