Затрыманых сёньня каля поўдня ў Берасьці журналістаў Алеся Леўчука і Мілану Харытонаву пратрымалі ў міліцыі каля дзьвюх гадзін. Пра гэта Ляўчук паведаміў агенцтву БелаПАН.
Журналістаў затрымалі, калі яны выйшлі з хаты і накіраваліся да прыпынку грамадзкага транспарту, каб паехаць на плошчу Леніна, дзе па нядзелях зьбіраюцца апанэнты будаўніцтва акумулятарнага заводу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Берасьці затрымалі журналістаў Алеся Ляўчука і Мілану ХарытонавуЯк расказаў Ляўчук, затрыманьне міліцыянты правялі «даволі жорстка». Паводле яго, яны зьявіліся раптоўна — «падышлі з-за сьпіны». Леўчуку, паводле яго, «закруцілі рукі і правялі праз увесь раён». Таксама, паведаміў журналіст, яму пагражалі, што складуць пратакол за непадпарадкаваньне міліцыі і ноч ён правядзе ў ізалятары.
У аддзяленьні міліцыі журналістаў азнаёмілі з пратаколамі, складзенымі на іх паводле ч. 2 арт. 22.9 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях (праца на замежнае СМІ без акрэдытацыі).
Як паведаміў Ляўчук, усяго разам за два дні на іх было складзена пяць пратаколаў, на заўтра прызначаны суд.
Паводле Леўчука, у міліцыі іх пратрымалі дзьве гадзіны, да таго часу, пакуль у цэнтры Берасьця працягвалася чарговая сустрэча апанэнтаў будаўніцтва акумулятарнага заводу. «Відавочна, што ўсё было зроблена, каб мы не патрапілі на сустрэчу праціўнікаў заводу», — лічыць Ляўчук.
Леўчука і Харытонаву рэгулярна штрафуюць за разьмяшчэньне матэрыялаў на сайце тэлеканалу «Белсат» пра пратэсты супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу пад Берасьцем. У 2018 годзе Леўчука і Харытонаву судзілі шэсьць разоў, у новым годзе — двойчы. Агульная сума штрафаў склала амаль 8.000 даляраў ЗША.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супраць якіх шкодных вытворчасьцяў пратэставалі беларусы і чаго дамагліся. МАПА