У Крыме затрыманы ўкраінскі архіяпіскап, які ехаў на суд над затрыманым у Беларусі Паўлам Грыбам

Архіяпіскап Сімферопальскі і Крымскі ПЦУ Клімент

Праваслаўная царква Ўкраіны (ПЦУ) пацьвярджае затрыманьне расейскімі сілавікамі ў Сімферопалі архіяпіскапа Крымскай япархіі ПЦУ Клімента.

«3 сакавіка 2019 удзень архіяпіскап Сімферопальскі і Крымскі Клімент (Кушч) быў затрыманы расейскай паліцыяй на аўтавакзале Сімферопалю. Апошнія зьвесткі пра яго: што яго вязуць у Кіеўскае раённае аддзяленьне паліцыі», — паведамляе прэс-служба Праваслаўнай царквы Ўкраіны.

Паводле дадзеных прэс-службы ПЦУ, архіяпіскап Клімент, які займае пасаду старшыні Праваслаўнай місіі дапамогі ахвярам парушэньня правоў чалавека і асобам, пазбаўленым свабоды, плянаваў наведаць судовы разбор справы арыштаванага ў Расеі грамадзяніна Ўкраіны Паўла Грыба ў Растове-на-Доне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У выкрадзенага ў Беларусі ўкраінца Грыба сымптомы хваробы Альцгеймэра, — бацька

Сувязі з затрыманым у анэксаваным Крыме сьвятаром пакуль няма.

Расійскія сілавікі не камэнтуюць інфармацыі аб затрыманьні.