Былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду Фадзееў ня верыць, што Лукашэнка хоча мяняць Канстытуцыю

Заслужаны юрыст Беларусі Валер Фадзееў, які быў намесьнікам старшыні Канстытуцыйнага суду Беларусі першага складу, пракамэнтаваў Свабодзе выказваньні Лукашэнкі пра магчымыя зьмены ў Канстытуцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькі будзе пры ўладзе — і яшчэ 10 галоўных тэзаў з выступу Лукашэнкі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яраслава паслаць у калгас, жанчынам — зьняць штаны. 33 ЦЫТАТЫ Лукашэнкі зь «Вялікай размовы». У карцінках

«Лукашэнка лічыць, што цяпер ня час уносіць зьмены ў Асноўны закон краіны. Маўляў, наперадзе дзьве выбарчыя кампаніі. Я не лічу гэта слушным аргумэнтам. Мне падаецца, што маруднасьць кіраўніка дзяржавы ў гэтым пытаньні адлюстроўвае яго жаданьне захаваць усё так, як яно ёсьць цяпер. Зьменам нібыта перашкаджаюць выбары. А пасьля выбараў знойдзецца яшчэ нешта. І зноў карэктаваньне Канстытуцыі адкладуць на нейкі час. Урэшце, калі гэты працэс і пачнецца, то будзе, мабыць, як з тым сабакам, якому секлі хвост кавалкамі», — мяркуе Фадзееў.

Экспэрт дадае, што, магчыма, на сёньня Лукашэнка яшчэ сам добра ня ведае, як яму лепей «мадэрнізаваць» Асноўны Закон, каб захаваць у ім свае асабістыя інтарэсы.

«І гэта яшчэ адна прычына, паводле якой Канстытуцыя пакуль не зьмяняецца», — лічыць Фадзееў.

Сёньня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ня супраць зьменаў у Канстытуцыю, асабліва ў частцы ўзмацненьня заканадаўчай улады. Паводле яго, якраз над гэтым цяпер працуюць «граматныя юрысты» і судзьдзі Канстытуцыйнага суду, але нейкіх вынікаў ён яшчэ не атрымаў. Але ламаць выбарчае заканадаўства цяпер, калі маюць адбыцца парлямэнцкія і прэзыдэнцкія выбары, немэтазгодна, лічыць ён. А пасьля гэтых кампаній — цалкам магчыма.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экспэрты Свабоды: Лукашэнка рыхтуе зьмены ў Канстытуцыю, але ня кажа, якія
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На той сьвет мяне з прэзыдэнцкага крэсла не панясуць, — Лукашэнка адказаў на пытаньне Свабоды
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «98% беларусаў супраць аб’яднаньня з Расеяй». Лукашэнка выступае, мы цытуем і камэнтуем. ЖЫВЫ БЛОГ