На той сьвет мяне з прэзыдэнцкага крэсла не панясуць, — Лукашэнка адказаў на пытаньне Свабоды

Аляксандар Лукашэнка

Сваё пытаньне Аляксандру Лукашэнку задаў карэспандэнт Свабоды Валянцін Жданко.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькі будзе пры ўладзе — і яшчэ 10 галоўных тэзаў з выступу Лукашэнкі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яраслава паслаць у калгас, жанчынам — зьняць штаны. 33 ЦЫТАТЫ Лукашэнкі зь «Вялікай размовы». У карцінках

Валянцін Жданко нагадаў, што сёлета 25 гадоў, як Лукашэнка прыйшоў да ўлады — амаль ва ўсіх постсавецкіх краінах за гэты час адбылася зьмена прэзыдэнтаў. Які са шляхоў «транзыту ўлады» імпануе яму — нязьменнасьць улады, зьмена Канстытуцыі, перадача пасады спадкаемцу?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «98% беларусаў супраць аб’яднаньня з Расеяй». Лукашэнка выступае, мы цытуем і камэнтуем. ЖЫВЫ БЛОГ

«Абяцаю, што на той сьвет з прэзыдэнцкага крэсла мяне не панясуць, — сказаў Лукашэнка. — І дзеля сваіх дзяцей ня буду ўтрымліваць уладу і перадаваць у спадчыну — асабліва што тычыцца малодшага сына. Не хачу гаварыць, што я пакутую — ніхто і не паверыць. Я наеўся прэзыдэнцтва, і загубіць краіну дзеля асабістых амбіцый — на такое ніколі не пайду. Не зьбіраюся працягваць палітычнае жыцьцё за кошт іншых. Усё будзе нармальна, згодна з нашымі законамі. Але я не змагу ня вылучыць кандыдатуру на пасаду прэзыдэнта, каб не абвінавацілі мяне ў баязьлівасьці, што зьбег».

Ён таксама заявіў, што не зьбіраецца перадаваць уладу ў спадчыну, а ад удзелу ў выбарах не адмовіцца:

«Я вылучу сваю кандыдатуру, можаце мяне не абіраць».

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ня супраць зьменаў у Канстытуцыю, асабліва ў частцы ўзмацненьня заканадаўчай улады. Паводле яго, якраз над гэтым цяпер працуюць «граматныя юрысты» і судзьдзі Канстытуцыйнага суду, але нейкіх вынікаў ён яшчэ не атрымаў. Ламаць выбарчае заканадаўства цяпер, калі маюць адбыцца парлямэнцкія і прэзыдэнцкія выбары, немэтазгодна, лічыць ён. Але пасьля гэтых кампаній — цалкам магчыма. «Разам будзем думаць, які закон пакінуць нашым дзецям», — сказаў Лукашэнка, зьвяртаючыся да Валянціна Жданко.