Упершыню па-беларуску выйшаў аўтабіяграфічны раман знакамітага францускага пісьменьніка Рамэна Гары «Абяцаньне на досьвітку».
Кніга ў перакладзе Вольгі Колас пабачыла сьвет дзякуючы прыватнаму выдаўцу Андрэю Янушкевічу.
Будучы ўсясьветна вядомы пісьменьнік нарадзіўся ў Вільні ў 1914-м у габрэйскай сям’і правінцыйнай акторкі і дробнага буржуа. Неўзабаве бацьку прызвалі на фронт, а маці з сынам пераехалі ў Маскву. Адтуль праз тры гады яны вярнуліся і пражылі ў Вільні на вуліцы Вялікая Пагулянка ў доме нумар 16 да ад’езду ў Варшаву ў 1923-м. А ў 1928-м перабраліся ў Францыю.
Усе віленскія згадкі ў «Абяцаньні на досьвітку» зьвязаныя менавіта з гэтым вялікапагулянскім домам.
«Мы тады часова жылі ў польскай Вільні — „праездам“, як любіла падкрэсьліваць мама, у чаканьні пераезду на сталае месца жыхарства ў Францыю, дзе я мусіў „вырасьці, вывучыцца, адбыцца“»...
Дзіцячыя рэфлексіі ўзгадаваліся ў халодным клімаце — нібыта ўвесь час стаяла зіма.
«У Вільні было жахліва холадна: сьнег павольна ўздымаўся зь зямлі ўздоўж брудных шэрых муроў»...
Гэтую прыродную няўтульнасьць перамагала матчына любоў. Ахвярная, усёабдымная, для васьмігадовага хлопчыка яна была абсалютам. Атрымаць такі вялікі дар на досьвітку жыцьця — небясьпечна для будучыні. Гэтая выснова — адна з галоўных тэмаў раману.
«З матчынай любоўю жыцьцё на досьвітку робіць абяцаньне, якое ніколі ня зможа стрымаць. Ты потым да скону мусіш есьці халодныя стравы. Кожны раз, калі жанчына будзе абдымаць цябе і прыціскаць да сэрца, у тваім уласным сэрцы будзе адно спачуваньне. Як пакінуты сабака, ты заўжды будзеш вяртацца да матчынай магілы і крычаць».
Маці ўнушае сыну ўпэўненасьць у вялікім жыцьцёвым посьпеху. Яна шматкроць выбірае яму будучыя гучныя ролі і пасады, мяняе іх і ўрэшце спыняецца на трох: генэрал, дыплямат, пісьменьнік. І не забываецца абвясьціць пра тое суседзям. У адказ маці з сынам чуюць ад іх зьдзеклівы рогат.
«Віленская дробная буржуазія нічым не адрозьнівалася ад іншай...
Я дагэтуль чую грубы сьмех „буржуазных клапоў“...
Думаю, ніводная падзея не адыграла такой вырашальнай ролі ў маім жыцьці, як гэты сьмех, што абрынуўся на мяне на лесьвічнай пляцоўцы старога віленскага дома пад нумарам 16 на вуліцы Вялікая Пагулянка. Я ўдзячны яму за ўсё, кім я сёньня ёсьць: на жаль і на шчасьце, гэты сьмех зросься са мной».
Пасьля першых літаратурных спробаў, ужо калі хлопчык вучыўся ў ліцэі ў Ніцы, маці вырашыла, што для францускага пісьменьніка імя Раман Кацаў непрыдатнае. Са шматлікіх варыянтаў абралі Рамэна Гары, з націскам на апошнім складзе. Сам пісьменьнік потым сказаў: «„Гары“ значыць па-руску „гары!“ у загадным ладзе... Гэта загад, ад выкананьня якога я ніколі ў жыцьці не ўхіляўся, ні ў сваёй творчасьці, ні ў жыцьці».
Прачытаўшы «Абяцаньне на досьвітку», добра паехаць у Вільню, прайсьціся па праспэкце Міндоўга да вуліцы Басанавічус (былая Вялікая Пагулянка) ды пастаяць у одуме пры бронзавай скульптуры хлопчыка з галёшам у руцэ. Гэта помнік аўтабіяграфічнаму герою рамана, хлопчыку, які з гумовага галёша маленства змог перасесьці на акіянскі лайнэр жыцьця. Бо гэтага вельмі хацелася. Яму самому і ягонай маме.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мастак Марачкін напісаў кнігу пра тое, чаму швэды шануюць свае карані, а беларусы — не