Тапіры, ягуары, мурашкаеды. Зьдзічэньне, да якога варта імкнуцца

Гіганцкі мурашкаед

На поўначы Аргентыны, на балотах паверхняй 7,5 тысячаў квадратных кілямэтраў, пачалося засяленьне гэтай тэрыторыі зьвярамі, па якіх сьлед прастыў там даўным-даўно.

Тапір

​Як паведамляе брытанскі часопіс The Economist, у рамках праекту пад назвай Iberá (назва балотаў) аргентынскія эколягі пастанавілі правесьці працэс паўторнага «адзічэньня» гэтай тэрыторыі, выпусьціўшы ў натуральнае прыроднае асяродзьдзе шэсьць відаў зьвяроў: тапіраў, ягуараў, пампасных аленяў, гіганцкіх мурашкаедаў, папугаў макаа, пэкараў (від паўднёва-амэрыканскіх дзікіх сьвіней).

Ягуар

Некалі гэтыя віды былі дашчэнту перастраляныя аргентынскімі паляўнічымі і жывёлагадоўцамі. Цяпер, як той казаў, людзі апамяталіся і пастанавілі аднавіць прыроду на балотах Iberá да яе першапачатковага выгляду.

Пампасны алень

Прычына праекту «адзічэньня» балотаў ня толькі ў згрызотах сумленьня і маральных дакорах аргентынцаў, што яны некалі загубілі частку прыроды ў яе натуральных умовах. Некаторыя прадчуваюць тут неблагі заробак ад турыстаў, якія прыедуць на гэтыя балоты паглядзець тапіраў і мурашкаедаў. «Мы цяпер працуем у шоў-бізнэсе», — жартаўліва сказаў брытанскаму тыднёвіку Ігнацыё Хімэнэс, кіраўнік праекту Iberá.

Папуга макаа

З навуковага гледзішча аргентынскі праект «адзічэньня» абапіраецца на тэорыі, што стабільныя экасыстэмы фармуюцца дзякуючы вялікім траваедным і драпежнікам, якія знаходзяцца на вяршыні харчовага ланцуга. Іх зьнікненьне, спрычыненае чалавекам, найчасьцей дэстабілізуе раўнавагу ў экасыстэме і яе біялягічную разнастайнасьць. Прыкладам, калі з Елаўстонскага нацыянальнага парку (ЗША) выселілі ўсіх ваўкоў, пахіснулася экалягічная раўнавага і алені распладзіліся так, што ў запаведніку перастала хапаць ежы бізонам і бабрам. Ваўкоў вярнулі ў 1995 годзе і яны вельмі хутка ўстанавілі пажаданую раўнавагу.

Пэкар, паўднёва-амэрыканская дзікая сьвіньня

Што тычыцца праекту Iberá, яго выканаўцы спадзяюцца, што ў будучыні заселеныя тапірамі, аленямі і мурашкаедамі балоты стануць дзяржаўным запаведнікам.