29-гадовы жыхар Касьцюковічаў Раман Г. пакараны Магілёўскім абласным судом за распальваньне расавай, нацыянальнай і рэлігійнай варожасьці, а таксама распаўсюджваньне ў інтэрнэце матэрыялаў парнаграфічнага зьместу.
1 сакавіка суд вынес яму вырак: 2 гады і 1 месяц пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.
За што асуджаны?
У 2014 годзе на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «УКантакце» мужчына разьмясьціў без абмежаваньня доступу відэаролікі пра «канфлікт расейцаў з асобамі каўкаскай нацыянальнасьці»:
- «Кавказцы решили сплясать лезгинку на митинге по убийству русского кавказцами»;
- «Почему я националист»;
- «Россия для русских»
17 сьнежня 2018 году гэтыя відэаматэрыялы Касьцюковіцкі раённы суд прызнаў экстрэмісцкімі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жыхара Касьцюковіч судзяць за распальваньне нацыянальнай варажнечы ў роліках «Россия для русских»У абвінавачаньні гаворыцца, што яны зьмяшчаюць «сцэны прапаганды, а таксама заклікі да гвалтоўных дзеяньняў да груп асобаў паводле прыкмет расавай і нацыянальнай прыналежнасьці».
Пазыцыя абласнога суду і абвінавачваньня
Паводле выраку абласнога суду Раман Г. прызнаны вінаватым у «наўмысных дзеяньнях, скіраваных на ўзбуджэньне расавай і нацыянальнай варажнечы паводле прыкмет расавай і нацыянальнай прыналежнасьці».
Абвінавачваньне прасіла пакараць падсуднага 2 гадамі і 7 месяцамі пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.
Пазыцыя абвінавачанага
Абвінавачаны сваю віну прызнаў. У апошнім слове ён прасіў суд не караць яго жорстка, бо ў яго маленькія дзеці. Казаў, што разьмяшчаў відэаролікі «бяз злога намеру і нікому не хацеў нашкодзіць».
Як вынікала з паказаньняў Рамана, ён нэгатыўна пачаў ставіцца да асобаў каўкаскай нацыянальнасьці «пасьля таго, як яго пабілі ў Маскве, дзе ён быў на заробках. Сьледзтву казаў, што білі яго «каўказцы».
У Маскве ён пазнаёміўся зь дзяўчынай, зь якою ўвесну 2012 году хадзіў на «Русские марши». Тады чытаў у інтэрнэце «літаратуру пра рухі, якія выступалі супраць розных рас, што жывуць у Расеі», а таксама захапіўся пэрсанажам расейскага гістарычнага міту Яўпаціем Калаўратам. На знак пашаны да яго ў 2014 годзе ён зрабіў тату.
Арыштавалі яго 21 сьнежня 2018 году. У судовай залі трымалі ў клетцы.