21-гадовы мужчына сышоў з дому пасьля абеду 27 лютага.
Паводле мясцовых жыхароў, Станіслава Беця знайшлі павешаным. Як расказала Свабодзе ягоная сястра, ён летась скончыў акадэмію МУС, працаваў сьледчым у Стаўпецкім раённым аддзеле ўнутраных спраў.
Знаёмыя Станіслава кажуць, што апошнія ночы перад зьнікненьнем ён праводзіў на працы, не начаваў у пакоі, які здымаў.
Цела Станіслава Беця знайшлі ў лесе непадалёк ад сядзібы ўпраўленьня Стоўпцыгаз, на выезьдзе з гораду, каля вёскі Канкаловічы, паведаміў Свабодзе знаёмы Станіслава Беця.
Як даведалася Радыё Свабода, у загінулага была старонка Вконтакте, але пад іншым іменем. Апошні візыт на ёй зафіксаваны а 15.36, гэта прыблізна той часы час, калі цела сьледчага знайшлі. Яшчэ ўчора, паводле знаёмых Станіслава Беця, на гэтай старонцы быў зьмест, цяпер яна цалкам пустая.
Радыё Свабода зьвярнулася па дадатковую інфармацыю ў Сьледчы камітэт і Стаўпецкі раённы аддзел унутраных спраў, але атрымаць апэратыўны камэнтар пакуль не ўдалося.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Школьнікаў, пацярпелых у трагедыі ў Стоўпцах, выпісалі зь лякарніАбласная міліцыя паведаміла толькі, што мужчына загінуў — паводле Міністэрства ўнутраных спраў, цела знайшлі ў лясным масіве недалёка ад Стоўпцаў. Адносна здарэньня праводзіцца праверка.
Мужчыну шукалі і міліцыянты, і валянтэрскі атрад «Анёл». 4 сакавіка Станіславу Бецю споўнілася б 22 гады. Ён нарадзіўся і вырас у вёсцы Дзераўная Стаўпецкага раёну.