Хто б падумаў, колькі шкоды чалавеку можа прынесьці гэты сымпатычны на выгляд зьвярок, які называецца куніцай каменнай (Martes foina), а па-народнаму — беладушкай?!
Аказваецца, гэты невялікі драпежнік, даўжынёю ня больш за паўмэтра, вельмі ўпадабаў сабе жыць поблізу людзей, якіх перастаў баяцца, і асабліва поблізу тых, у каго аўтамашына. Бо куніца каменная вельмі любіць грызьці гумовыя рэчы, сярод якіх найбольш любімы ласунак — кабелі ў электрычнай інсталяцыі аўтамашыны. З гэтай прычыны ў Нямеччыне ўвялі абавязковую страхоўку для ўласьнікаў аўтамабіляў ад Mardebisse (куніцавых укусаў). Паводле ацэнкі нямецкай страховачнай кампаніі GDV, беладушкі ў 2017 годзе «зьелі кабелі» на агульную суму 80 мільёнаў даляраў.
«Гэта адзін з тых зьвяроў, якія сталі часткай прыгараднай экасыстэмы», — сказаў брытанскаму часопісу The Economist Кеc Мулікер, дырэктар Музэю натуральнай гісторыі ў Ратэрдаме. Куніцы каменныя, якія даўным-даўно зьніклі зь Нідэрляндаў, апошнім часам зноў там зьявіліся, ва ўсходняй частцы краіны.
У згаданым музэі, сярод іншага, знаходзіцца калекцыя зьвяроў, якія загінулі ў розных асаблівых абставінах узаемадзеяньня са сьветам чалавека. Адзін з экспанатаў у музэі — куніца каменная, якая ў 2016 годзе скокнула на электрычны трансфарматар пры Вялікім адронным калайдэры каля Жэнэвы. Кароткае замыканьне, якое наступіла ў выніку гэтага самагубнага скачка, спыніла паскаральнік элемэнтарных часьціц на некалькі хвілін. У тым самым годзе, але крыху раней, іншы грызун перагрыз адзін з кабеляў, які даваў сілкаваньне калайдэру, таксама загінуўшы пасьля гэтага подзьвігу. Адмыслоўцы ў абвугленым целе грызуна распазналі беладушку.
Чым тлумачацца суіцыдныя паводзіны куніц каменных? «Гэтага мы хутчэй за ўсё ніколі не даведаемся, гэта нешта ў галаве куніцы», — лічыць Кес Мулікер.