Алег Латышонак: «Эўразьвязам кіруюць бальшавікі, трацкісты і мааісты»

Алег Латышонак

Калі размова зь беластоцкім гісторыкам Алегам Латышонкам, дык яна абяцае ня толькі неардынарны погляд на нашую рэчаіснасьць, але таксама салідную порцыю інфармацыі пра жыцьцё беларускай нацыянальнай меншасьці ў Польшчы. Не інакш было і гэтым разам.

Асноўная тэма нашай гутаркі — 30 гадоў посткамуністычнай Польшчы і што яны прынесьлі палякам і беларусам, ня толькі тым у Польшчы, але й тым у Беларусі.

Тэкстам я тут даю толькі фрагмэнты выказваньняў прафэсара Алега Латышонка. Горача рэкамэндую паслухаць нашую размову цалкам у падкасьце. Там далей будзе і пра тое, чаму «загнуліся» беларуская філялёгія і катэдра беларускай культуры ва Ўнівэрсытэце ў Беластоку.

І наагул — зьвяртайце ўвагу на падкасты пад назвай «Гутаркі зь Янам». У іх мы гаворым зь людзьмі, у якіх моцныя перакананьні і якія не баяцца за іх пастаяць.

Які польскі ўрад найбольш спрыяў беларускай апазыцыі

«Найбольш актыўны, што тычыцца падтрымкі апазыцыі, на мой погляд, быў урад Выбарчай акцыі Салідарнасьць у кааліцыі з Уніяй свабоды [кіраваў Польшчай у 1997—2001 гг. — РС]. Тады вельмі актыўна ішла падтрымка для беларускай апазыцыі, прымалі іх у Варшаве, тады ўзьнікла Радыё Рацыя. І гаварылася яшчэ шмат пра якія іншыя ініцыятывы, але паволі сытуацыя пачала мяняцца».

А які польскі ўрад найбольш спрыяў Лукашэнку

«Калі гаворым пра адносіны з афіцыйнай Беларусьсю, думаю, што якраз цяперашні ўрад [партыі Права і справядлівасьць — РС] найбольш актыўна спрабуе супрацоўнічаць зь Беларусьсю, завязваць добрыя кантакты. Гэтак было і пры ранейшым міністры замежных справаў Вашчыкоўскім, гэтак ёсьць і цяпер пры міністры Чапутовічу, калі маем яшчэ адну спробу паляпшэньня адносін. І гэта ня толькі клопат МЗС, але Сойму і Сэнату. На мой погляд, ажно так актыўнага працягваньня рукі беларускай уладзе яшчэ не было».

А што Радаслаў Сікорскі?

«Мне цяжка сказаць, што там адбылося насамрэч, але гэта была спроба дагаварыцца з урадам. І міністар Сікорскі разам зь нямецкім міністрам Вэстэрвэле езьдзілі дагаварыцца якраз з афіцыйным Менскам, а апазыцыя, як разумею, у пратэст супраць гэтай дамовы зрабіла тады маніфэстацыю, якая закончылася поўным пагромам менавіта апазыцыі.

Пра нядаўні візыт Міхаіла Мясьніковіча ў Польшчы

«На жаль, гэтыя размовы маюць усяго ветлівы характар. Проста ў Польшчы няма аргумэнтаў, каб перацягнуць Беларусь на свой бок, на бок Захаду. Тут быў спадар Мясьніковіч, а прэзыдэнт Лукашэнка ў гэты самы час быў у Сочы. І менавіта там вырашалася будучыня Беларусі і будучыня гэтай улады».

Чаму польскі ўрад не тармозіць шавіністаў, якія ўсхваляюць злачынствы «Бурага» і штогод зьбіраюцца на правакацыйны марш у Гайнаўцы

«У Польшчы накручваецца культ гэтак званых „выклятых жаўнераў“. Калі маем дачыненьне з культам, — а гэта ўжо сьвецкі культ, — дык усе прадметы гэтага культу мусяць быць сьвятыя. Частка публікі адмаўляе тое, што „Буры“ мог быць злачынцам. А гэты культ накручваецца ўладамі. Таму вельмі цяжка з аднаго боку накручваць культ, а з другога — забараняць марш у гонар гэтых „выклятых жаўнераў“ дзесьці ў Гайнаўцы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуская памяць пра «выклятых жаўнераў»

Хто арганізуе марш у Гайнаўцы

«Ведаю гэта ад самых правадыроў: у Бельску 20% моладзі ў [нацыяналістычнай арганізацыі — РС] Młodzież Wszechpolska складаюць праваслаўныя. Як я чуў, у Гайнаўцы палова [шавіністычнай арганізацыі — РС] Narodowa Hajnówka — праваслаўныя. Арганізатары гэтага маршу, трэба падкрэсьліць, — праваслаўныя. І гэта баліць. Але нельга гэтага скрываць. Яны ўжо цураюцца сваіх каранёў і хочуць быць супэрпалякамі, і таму так гэта атрымоўваецца».

Чаму Польшчы дрэнна ў Эўразьвязе

«Польшча ня мае ў Эўразьвязе самастойнай эканамічнай палітыкі. Польшча ёсьць падрадчыкам нямецкай прамысловасьці. Нават сьвініну ўжо купляем у Нямеччыне. Другая праблема — Эўаразьвяз зьяўляецца вельмі ідэалягізаванай структурай, прытым антытрадыцыяналістычнай, антыхрысьціянскай, хаця сам узьнік як твор хрысьціянскай дэмакратыі. Але цяпер відаць, што на чале гэтага Эўразьвязу стаяць усе разнавіднасьці бальшавікоў, трацкістаў, мааістаў і таму падобных».

Найгоршая параза беларусаў у посткамуністычнай Польшчы

«Самай вялікай нашай паразай было зьнікненьне беларускага палітычнага руху. Разумны ён быў ці не, але было нейкае ядро, якое думала пра разьвіцьцё беларусаў Беласточчыны, якое арганізоўвала выбары і прыцягвала людзей. Беларусы ў Польшчы цяпер ня маюць ніякага цэнтру, які думаў бы пра іх праблемы і знаходзіў спосабы іх вырашэньня».

* * *

Алег Латышонак — гісторык, старшыня Беларускага гістарычнага таварыства ў Польшчы, выкладчык Унівэрсытэту ў Беластоку. У мінулым — актыўны ўдзельнік палітычна-грамадзкага руху беларусаў у Польшчы. Аўтар, сярод іншага, такіх дасьледаваньняў і кнігаў, як «Беларускія вайсковыя фармаваньні 1917–1923», «Ад русінаў белых да беларусаў. Вытокі беларускай нацыянальнай ідэі», «Нацыянальнасьць — Беларус «. Суаўтар «Гісторыі беларусаў Падляшша».