Кіраўніцтва Беларускай чыгункі правяло перамовы з дырэкцыяй кампаніі PKP (Польская чыгунка). Як паведамляе газэта «Звязда», бакі абмеркавалі пляны пашырэньня пасажырскіх і грузавых перавозак.
Адной з ключавых стала дамоўленасьць запусьціць новы цягнік Берасьце — Будапэшт. Гэта адбудзецца ў сярэдзіне сьнежня, калі будзе зацьверджаны новы графік на 2019/2020 гады. Мяркуецца, што ён атрымае назву «Стэфан Баторы» і ў ім будуць некалькі бесьперасадачных вагонаў з абласнога цэнтру да Вены і Прагі.
Падчас II Эўрапейскіх гульняў Варшаву і Берасьце зьвяжа дадатковы часовы цягнік. Гэтая мера дапаможа заўзятарам з Заходняй і Цэнтральнай Эўропы даехаць у Менск чыгуначным транспартам. Ад сярэдзіны сьнежня яго плянуюць зрабіць сталым і штодзённым. Такім чынам, пры канцы году паміж Берасьцем і сталіцай Польшчы наўпроставыя цягнікі будуць курсіраваць двойчы на дзень.
Падчас сустрэчы адбыліся кансультацыі ў справе рэзэрвовых магутнасьцяў пераходу Тэрэспаль — Берасьце. Гэта найбольш важны памежны пункт на маршруце паміж Кітаем і Эўропай. Перамовы тычыліся інвэстыцый у мадэрнізацыю памежных пунктаў, у тым ліку станцыі Тэрэспаль.