Арганізацыя БРСМ геаграфічнага факультэту Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту шукала сярод студэнтаў 500 чалавек, якія б схадзілі 28 лютага на хакейны матч з удзелам Аляксандра Лукашэнкі.
Пра гэта напісала ў чаце першакурсьнікаў геафаку старшыня факультэцкай арганізацыі Аляксандра Бажэнава.
Так загадалі ў рэктараце, сказала Свабодзе Бажэнава.
«Гэта не абавязкова. Адгукнуліся амаль тыя, каму гэта цікава», — сказала Бажэнава.
Колькі чалавек адгукнулася, дзяўчына не ўдакладніла.
Першы прарэктар БДУ Алег Івашкевіч камэнтаваць гэтую сытуацыю адмовіўся. Апэратыўна атрымаць камэнтар прэс-службы БДУ не ўдалося.
Як заганяюць у БРСМ?
Летась у рэдакцыю Свабоды трапіла відэа, зьнятае вучнем менскай гімназіі з-пад парты. З роліка разборліва чуваць, як дзецям пагражаюць і прымушаюць уступаць у БРСМ, бо «адміністрацыі школы патрэбная стопрацэнтная статыстыка, а іначай можа быць адлічэньне з клясы».
Карыстальнікі сацсетак пачалі пакідаць пад тэгам #загонБРСМ допісы пра тое, як іх прымушалі ўступаць у арганізацыю, а некаторыя чальцы арганізацыі пачалі выходзіць зь яе. Напрыклад, праз 2 тыдні пасьля публікацыі запісу зь менскай гімназіі студэнтка БДЭУ запісала размову з дэканам свайго факультэту, які не ўхваліў яе выхад з БРСМ.