Куды зьнік беларускі вугаль? У Дзяржастаце Ўкраіны пракамэнтавалі гандлёвую статыстыку Беларусі

Ілюстрацыйнае фота

Улады Ўкраіны адрэагавалі на рэзанансны артыкул Радыё Свабода пра пастаўкі вугалю зь Беларусі ва Ўкраіну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экспарт вугалю зь Беларусі ва Ўкраіну вырас у 980 разоў. Як такое магчыма?

У Дзяржаўнай службе статыстыкі Ўкраіны запэўніваюць, што пастаўкі вугалю зь Беларусі адлюстраваныя ў гандлёвай статыстыцы, але яны аднесеныя да краіны паходжаньня гэтай прадукцыі — Казахстану ці Расеі.

«Улічваючы, што, паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэту Рэспублікі Беларусь, у 2018 годзе вугаль у Беларусі не здабываўся, і тое, што Беларусь ёсьць сябрам Эўразійскага эканамічнага саюзу, адной з магчымых прычын разьбежкі дадзеных наконт беларускага экспарту і адпаведна ўкраінскага імпарту вугалю можа быць спрошчанае разьмеркаваньне таварапатокаў між краінамі — сябрамі саюзу пры перамяшчэньні тавараў з або на супольную мытную тэрыторыю, то бок у беларускіх дэклярацыях Украіна пазначана як краіна прызначэньня», — адзначаецца ў адказе на запыт Свабоды.

У Дзяржаўнай службе статыстыкі таксама падкрэсьлілі, што асноўнай крыніцай для правядзеньня статыстычных назіраньняў у замежным гандлі зьяўляюцца мытныя дэклярацыі, якія дае Дзяржаўная фіскальная служба Ўкраіны:

«Згодна з мэтадалягічнымі палажэньнямі, краінамі-партнэрамі пры імпарце лічыцца краіна паходжаньня тавару, гэта значыць краіна, у якой тавар быў цалкам выраблены або дастаткова перапрацаваны. Для тавараў, у момант пастаўкі якіх краіна паходжаньня невядома, улік вядзецца паводле краіны адпраўленьня».

У той жа час адсутнічае і дакладны адказ, зь якой краіны Беларусь магла рээкспартаваць вугаль.

«Украіна не атрымлівала вугалю зь Беларусі ў 2017–2018 гадах, але атрымлівала зь іншых краін ЭАЭС: Расеі і Казахстану, адлюстраваных як краіны паходжаньня згаданага тавару», — падкрэсьлілі ў Дзяржстаце Ўкраіны.

Імпарт каменнага вугалю ва Ўкраіну ў 2018 годзе. Дзяржаўная служба статыстыкі Ўкраіны

Вугаль-невідзімка?

Міністар энэргетыкі і вугальнай прамысловасьці Ўкраіны Ігар Насалік перакананы, што гаворка ідзе менавіта аб пастаўках расейскага вугалю празь Беларусь:

«Можа быць рээкспарт з Расеі, але адно магу сказаць дакладна — гэта не з асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласьцей (акупаваных тэрыторый Данбасу)».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзьве беларускія фірмы дапамагалі легалізаваць вугаль з самаабвешчанай «ДНР»

Паводле яго, прадстаўнікі кампаній цеплавой генэрацыі ўзялі на сябе абавязаньні не набываць антрацыт з акупаванага Данбасу і праводзіць аналіз паходжаньня і маршрутаў прапанаванага ім імпартнага антрацыту.

«У свой час у нас было закрытае паседжаньне. Было сказана, што калі хтосьці закупіць такі вугаль — а гэта вельмі лёгка вызначыць, зь якой ён шахты, — то гэта будзе байкот ня толькі міністэрства, а ўсіх, у тым ліку і генэруючых кампаній», — заявіў міністар журналістам.

З аналягічнай заявай выступіў і другі найбуйнейшы ва Ўкраіне спажывец вугалю — дзяржаўнае прадпрыемства «Центренерго». «Прадпрыемства ніводнай тоны вугалю ад беларускіх кампаній-контрагентаў не атрымлівала і ня мае ніводнай дамовы аб гэтым», — паведаміла Свабодзе прэсавая сакратарка кампаніі Аксана Ягорава.

Паводле інфармацыі Міністэрства энэргетыкі і вугальнай прамысловасьці Ўкраіны, у 2018 годзе «Центренерго» выкарыстала 400 тысяч тон антрацытавага вугалю, а сёлета ўсе энэргаблёкі кампаніі будуць перааснашчаныя на выкарыстаньне газавага вугалю. Ён пакуль зь Беларусі не пастаўляецца.

Імпарт антрацыту ва Ўкраіну ў 2018 годзе. Дзяржаўная служба статыстыкі Ўкраіны

Гандлёвая статыстыка Ўкраіны і Беларусі адрозьнівалася і раней

Паводле адкрытых матэрыялаў, Дзяржаўная фіскальная служба Ўкраіны, на падставе дакумэнтацыі якой фармуюцца справаздачы аб вонкавым гандлі, як мінімум двойчы — у 2016 і 2017 гадах — вывучала прычыны разыходжаньняў беларускай і ўкраінскай статыстыкі.

Так, напрыклад, у 2017 годзе рээкспарт тавараў трэціх краін зь Беларусі ва Ўкраіну склаў 210 мільёнаў даляраў і быў улічаны ва ўкраінскай статыстыцы адпаведна краіне іхнага паходжаньня. Адначасова ва ўкраінскую статыстыку гандлю зь Беларусьсю былі дадаткова залічаныя беларускія тавары, увезеныя ва Ўкраіну з тэрыторыі трэціх краін (на 7,6 мільёна даляраў).

У 2016-м гэтыя паказчыкі былі крыху меншыя — 57,5 і 4,3 мільёна даляраў адпаведна.

Адрозьніваюцца таксама і зьвесткі пра ўзаемныя пастаўкі ў грашовым вымярэньні. Так, у 2016 годзе зь Беларусі, паводле ўкраінскай статыстыкі, было пастаўлена прадукцыі і тавараў на 2,79 мільярда даляраў, а паводле беларускай — на 2,84 мільярда. У 2017 годзе — на 3,2 мільярда даляраў (украінская статыстыка) і на 3,4 мільярда — паводле беларускай.

Сярод галоўных прычын статыстычных разыходжаньняў, якія называюць у Дзяржаўнай фіскальнай службе Ўкраіны, — рээкспарт тавараў з трэціх краін і карэкцыя мытнай вартасьці тавараў нацыянальнымі мытнымі органамі.

Вынікі супастаўленьня дадзеных мытнай статыстыкі Ўкраіны і Беларусі за 2018 год пакуль не апублікаваныя.