Былы адвакат прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа Майкл Коэн 27 лютага дае паказаньні пад прысягай у адным з камітэтаў амэрыканскага Кангрэсу.
Слуханьні ў Кангрэсе дагэтуль трансьлююца ў жывым эфіры:
У сваёй уступнай прамове Коэн назваў прэзыдэнт ЗША «махляром» і «падманшчыкам», а таксама заявіў, што Трамп ведаў падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі 2016 году пра перамовы, якія вяліся ў Маскве арганізацыяй Трампа, каб пабудаваць там хмарачос.
У ранейшых паказаньнях перад Кангрэсам Коэн сьцьвярджаў, што Трамп ня ведаў пра перамовы падчас выбарчай кампаніі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы адвакат Трампа атрымаў 3 гады турмыУ сьнежні 2018 году Коэн быў асуджаны на тры гады турэмнага зьняволеньня судом у Нью-Ёрку. Сярод абвінавачаньняў супраць яго была хлусьня Кангрэсу аб будаўнічых плянах прэзыдэнта ЗША ў Маскве і тайная перадача 130 тысяч даляраў былой порназорцы Стэфані Кліфард (вядомай як Стормі Дэніелс) за маўчаньне аб меркаваных сэксуальных сувязях з Трампам. Большасьць авінавачаньняў тычыліся асабістых фінансавых парушэньняў з боку Коэна.
На сёньняшняе паседжаньне Коэн прынёс шэраг дакумэнтаў, у тым ліку чэк на 35 тысяч даляраў, выпісаны асабіста Дональдам Трампам у 2017 годзе. Паводле Коэна, гэта была адна з выплатаў, каб кампэнсаваць тыя грошы, якія ён заплаціў за маўчаньне падчас выбарчай кампаніі.
«Мне сорамна, што я выбраў ўзяць удзел ў прыкрыцьці незаконных дзеяньняў спадара Трампа замест таго, каб слухаць сваё ўласнае сумленьне. Мне сорамна, бо я ведаю, хто такі спадар Трамп. Ён расіст. Ён махляр. Ён падманшчык», — сказаў Коэн.
Акрамя таго, Коэн заявіў, што нядаўна арыштаваны палітычны дарадца Трампа Роджэр Стоўн загадзя папярэдзіў Трампа яго пра перамовы з заснавальнікам WikiLeaks Джуліанам Асанжам, падчас якіх той сказаў, што сайт апублікуе электронную перапіску, якая нанясе шкоду выбарчай кампаніі Гілары Клінтан.
Коэн таксама заявіў, што Трамп дазваляў сабе расісцкія выказваньні ў адрас чарнаскурых жыхароў ЗША.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кангрэс ЗША адхіліў указ прэзыдэнта Трампа аб надзвычайным становішчы на мяжыПерад слуханьнямі прэзыдэнт Трамп абвінаваціў Коэна у тым, што той «хлусіць, каб зьменшыць ягоны тэрмін у турме».
«Майкл Коэн быў адным з многіх адвакатаў, якія прадстаўлялі мяне (на жаль). У яго былі і іншыя кліенты. Ён быў пазбаўлены ліцэнзіі за хлусьню і махлярства. Ён рабіў дрэнныя рэчы, не зьвязаныя з Трампам. Ён хлусіць, каб скараціць тэрмін свайго турэмнага зьняволеньня», — заявіў прэзыдэнт ЗША.
Кангрэсмэны ад апазыцыйнай Дэмакратычнай партыі ў асноўным задавалі Коэну пытаньні датычна юрыдычных і бізнэс-аспэктаў працы на Дональда Трампа. Рэспубліканцы, у сваю чаргу, у асноўным крытыкавалі самога Коэна, называючы яго хлусам, словам якога немагчыма верыць.