Тэма рэгіянальнага разьвіцьця вельмі важная — тут адзначаецца нераўнамернасьць разьвіцьця, праблемы з занятасьцю і заробкамі. Пра гэта заявіў 27 лютага першы віцэ-прэмʼер Беларусі Аляксандар Турчын, адкрываючы паседжаньне Рады па разьвіцьці прадпрымальніцтва, піша Tut.by.
«Па пэўным раёнам усё ня вельмі добра. Заробак менш 600 рублёў — гэта няправільна», — сказаў Турчын і акрэсьліў, што трэба:
- актывізаваць існуючы бізнэс на тэрыторыі гэтых раёнаў;
- актывізаваць і прыцягнуць туды бізнэс з буйных гарадоў.
Турчын зьвярнуў увагу, што ў краіне 115 датацыйных раёнаў.
«То бок эканамічная эфэктыўнасьць блізкая да нуля», — сказаў Турчын.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Траціна раёнаў Беларусі жывуць пераважна на датацыі, выдаткі падвышаюццаСябра Рады па разьвіцьці прадпрымальніцтва Жанна Тарасевіч адзначыла, што мікрапрадпрыемствы і індывідуальныя прадпрымальнікі складаюць каля 87% дробнага бізнэсу. Паводле яе, на мікрапрадпрыемствах не ідзе гаворкі пра інавацыйнасьць працоўных месцаў, бо там 3-4 супрацоўнікі.
Тарасевіч адзначыла, што апошнім часам у Беларусі зарэгістраваліся каля 15,4 тысяч самазанятых грамадзян. Яна зьвярнула ўвагу на праблему «сацыяльнага ўтрыманства», а таксама, што «моладзь з раёнаў зьяжджае і разьвіваць бізнэс няма каму».