Чатыры гады таму, 27 лютага 2015-га, у Маскве на Вялікім Маскварэцкім мосьце быў застрэлены апазыцыйны палітык Барыс Нямцоў. Па выніках папярэдняга расьсьледаваньня і судовага абвінавачаньня да працяглых тэрмінаў зьняволеньня асудзілі пяцёх ураджэнцаў Чачэніі.
Выканаўцам забойства названы Завур Дадаеў, якога асудзілі на 20 гадоў турмы, яшчэ чатыры фігуранты атрымалі ад 11 да 19 гадоў.
Пры гэтым сям’я забітага лічыць, што сьледзтва нічога ня робіць, каб знайсьці сапраўдных арганізатараў і замоўнікаў злачынства. Як паведаміла напярэдадні адвакатка Вольга Міхайлава, якая прадстаўляе інтарэсы Жанны Нямцовай, дачкі забітага, на хадайніцтвы з просьбай азнаёміцца з ходам справы ёй адказалі адмовай. З гэтага вынікае, што ніякіх экспэртызаў больш не праводзіцца, кажа яна.
Абаронца не выключае: на тое, што сапраўдныя арганізатары і замоўнікі ня выяўленыя і не панесьлі заслужанага пакараньня, уплывае палітыка.
Раней сьцьвярджалася, што ў арганізацыі забойства падазраюць Руслана Мухудзінава, які ад 2015 году знаходзіцца ў міжнародным вышуку. Падазраваны — кіроўца намесьніка кіраўніка батальёну «Поўнач» Руслана Герамеева, якога іншы адвакат сям’і называў сапраўдным арганізатарам.
Афіцыйная прадстаўніца Сьледчага камітэту Расейскай Фэдэрацыі Сьвятлана Пятрэнка заявіла, што ведамства працягвае расьсьледаваць крымінальную справу супраць меркаванага арганізатара забойства Мухудзінава, а таксама ягоных саўдзельнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі перасталі шукаць замоўніка забойства апазыцыянэра Нямцова, — адвакат сям’і