Мытня Нідэрляндаў канфіскавала 90 тысяч бутэлек расейскай гарэлкі «для КНДР»

Ілюстрацыйнае фота. Вытворчасьць гарэлкі пад маркай на расейскім заводзе «Омсквінпрам»

Мытня Нідэрляндаў канфіскавала 90 тысяч бутэлек гарэлкі расейскай вытворчасьці. Груз афіцыйна накіроўваўся ў Кітай, аднак ёсьць падазрэньне, што канчатковы пункт — Паўночная Карэя. На чым заснаваныя гэтыя здагадкі, няясна.

Як паведамляе тэлеканал Euronews, з гэтай нагоды будзе праведзена расьсьледаваньне. Алькаголь падпадае пад уведзеныя ААН санкцыі ў дачыненьні да КНДР.

Як паведамілі прадстаўнікі мытні, груз быў знойдзены ў порце Ратэрдама на караблі кітайскай кампаніі Cosco Shipping. Гарэлка была загружаная на борт у Гамбургу.

Паводле дадзеных нідэрляндзкага Міністэрства гандлю, кантэйнэр з 3 тысячамі скрынь алькаголю быў схаваны пад фюзэляжам самалёта, які перавозіў карабель. Галяндзкія СМІ напісалі, што бутэлькі былі прызначаныя асабіста для кіраўніка КНДР Кім Чэн Ына і партыйных вярхоў краіны, аднак афіцыйна гэтая інфармацыя пакуль не пацьверджаная.

Рашэньне аб канфіскацыі грузу прыняла міністар замежнага гандлю Нідэрляндаў Сыгрыд Кааг. Менавіта падкантрольнае ёй міністэрства адказвае за прымяненьне эканамічных санкцый, у тым ліку ў дачыненьні Паўночнай Карэі. Рашэньне пра тое, які лёс чакае канфіскаваную гарэлку, яшчэ не прынятае — яна можа быць зьнішчаная або прададзеная на аўкцыёне.