Палітыка Паўла Севярынца затрымалі 26 лютага на выхадзе з дому. На 18-ю гадзіну Севярынец анансаваў акцыю «Свабоду палітвязьням» на Кастрычніцкай плошчы ў Менску.
Таксама затрымалі актывістаў Зьмітра Паліенку і Насту Гусеву. Перад гэтым яны сфатаграфаваліся зь белымі аркушамі паперы каля будынкаў міліцыі, сказаў Свабодзе Вячаслаў Касінераў. Вядома, што Паліенка і Гусева самі паехалі ў міліцыю, пасьля таго як ім патэлефанаваў міліцыянт Дзяніс Кунцэвіч.
Што за акцыя?
Севярынец 21 лютага заклікаў выйсьці на Кастрычніцкую плошчу з партрэтамі Сьвятаслава Барановіча, Алеся Юркойця, Міхаіла Жамчужнага ды іншых. Прычынай акцыі стаў перавод Барановіча з калёніі ў турму.
Як казаў Свабодзе Севярынец, форум «Свабоду палітвязьням» вырашыў праводзіць такія акцыі да чэрвеня пад лёзунгам «Хочаце праводзіць Эўрапейскія гульні — выпускайце палітвязьняў!».
Акцыя несанкцыянаваная. Севярынец не зьбіраўся прасіць на яе дазвол ва ўладаў, бо гэта канстытуцыйнае права, а акцыя будзе ўяўляць сабой «людзей з партрэтамі».
Сьвятаслаў Барановіч 12 сакавіка быў асуджаны судом у Менску на 3 гады зьняволеньня за гвалт супраць міліцыянта. Сваю віну вязень прызнаў часткова. Паводле Барановіча, ён думаў, што ўжывае сілу супроць хулігана, які напаў на ўдзельнікаў «маршу недармаедаў».
У 2011 годзе Сьвятаслаў Барановіч ужо быў асуджаны за Плошчу-2010. Тады яму прысудзілі 3 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў месцы зьняволеньня паводле абвінавачаньня ва ўдзеле ў масавых беспарадках 19 сьнежня 2010 году. Да суду Сьвятаслаў Барановіч адбыў некалькі месяцаў за кратамі, праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.