Паводле актывістаў, работнікаў будаўніцтва на тэрыторыю заводу па-ранейшаму не пускаюць.
20 лютага на тэрыторыі акумулятарнага заводу, які пад Берасьцем будуе кампанія «АйПаўэр», прайшоў прэс-тур. На яго запрасілі супрацоўнікаў дзяржаўных СМІ, а таксама журналістаў парталу Tut.by і агенцтва БелаПАН. Падчас экскурсіі па амаль дабудаваным заводзе галоўны інжынэр прадпрыемства Сяргей Дубнавіцкі паведаміў, што першыя акумулятары плянуецца выпусьціць ужо ў сакавіку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Даслалі каля 200 запытаў». Як праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага заводу ў Берасьці дамагліся сустрэчы зь міністрамЯк стала вядома Свабодзе, гаворка ідзе аб пробным запуску вытворчасьці, неабходным для выпрабаваньня змантаванага абсталяваньня. Па словах жыхароў разьмешчаных побач з заводам вёсак, на будоўлю яшчэ працягваюць завозіць абсталяваньне. На яго мантаж можа спатрэбіцца яшчэ некалькі месяцаў.
«Паўнавартасная вытворчасьць плянуецца пасля правядзеньня ўсіх выпрабаваньняў, як інжынэрнага, так і тэхналягічнага абсталяваньня, — паведамілі Свабодзе ў кампаніі, якая будуе завод. — Досьледную партыю прадукцыі плянуецца выпусьціць у сакавіку 2019-га. Для запуску акумулятарнага заводу ТАА „АйПаўэр“ атрыманыя ўсе дазволы. У тым ліку экалягічная экспэртыза».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Берасьця за год забаранілі 31 мітынг супраць акумулятарнага заводуІнфармацыю пра афіцыйнае адкрыцьцё прадпрыемства ў кампаніі «АйПаўэр» абяцаюць разьмясьціць на сваім сайце. Па словах праціўнікаў будаўніцтва, паўнавартасна працаваць акумулятарны завод зможа летам. Гэта значыць, на год пазьней, чым плянавалася першапачаткова.
«Цяпер там пусканаладка, потым будзе прыёмка, яны да гэтага ўзмоцнена ідуць, — расказаў Свабодзе актывіст кампаніі „Берасьце супраць сьвінцу“ Раман Кісьляк. — Тады ўжо завод будзе працаваць на поўную магутнасьць. Паўторную экалягічную экспэртызу яны прайшлі. Так было заяўлена. Хоць копіі нам ніхто не дае, адмаўляюцца. Яны спасылаюцца на тое, што ўключылі ў экспэртызу дакладныя мадэлі і маркі свайго абсталяваньня і гэта дазволіла яе прайсьці. Адзіная перашкода для запуску заводу, якая сёньня існуе, гэта перашкода псыхалягічнага характару — пратэсты ў горадзе Берасьці. Больш не засталося».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праціўнікі заводу пад Берасьцем зрабілі кавэр на кліп, які сабраў 148 мільёнаў праглядаўПа словах праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага заводу, нікога з актывістаў кампаніі «Берасьце супраць сьвінцу» на тэрыторыю прадпрыемства не запрашалі. Зараз яны зьбіраюцца дамагчыся наведваньня, аднак папярэдне актывістам кампаніі паведамілі, што «нікога з грамадзкай інспэкцыяй вытворчасьці там не пацярпяць».
«Усе застаюцца на сваіх пазыцыях, супрацьстаяньне працягваецца, — гаворыць Раман Кісьляк. — Неўзабаве мы рыхтуем некаторыя дзеяньні. Цяжка сказаць, чаму нам не паказваюць вынікі апошняй экспэртызы. Магчыма, таму, што любое раскрыцьцё інфармацыі прыводзіць толькі да яшчэ большай крытыкі. Той жа прэс-тур, думаю, іх прымусілі арганізаваць улады. Каб паказаць праз СМІ крыху абсталяваньня, раскрыць некаторыя дэталі. Але спэцыялісты пабачылі фота і крытыкуюць ужо. Маса крытыкі таго, як там усё арганізавана, зьявілася. Стараюцца максымальна закрыцца, каб не было чаго крытыкаваць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 5 гадзін зь міністрам. Чаго дамагліся пратэстоўцы супраць акумулятарнага заводуРаман Кісьляк гаворыць, што адкрыты доступ да вынікаў апошняй экспэртызы прадпрыемства вельмі важны для жыхароў Берасьця. Гэта дазволіць даведацца, якім чынам завод можа ўплываць на горад і іншыя населеныя пункты, разьмешчаныя побач зь ім.
Па словах актывістаў, паўнавартаснага запуску прадпрыемства можна чакаць у трэцім квартале 2019 году, улетку. Некаторыя з праціўнікаў будаўніцтва заводу, якія жывуць у разьмешчаных побач з заводам вёсках, плянуюць вывезьці свае сем’і падалей ад прадпрыемства на час пробнага запуску заводу.
Паводле інфармацыі арганізацыі «Экадом», за час пратэстаў над актывістамі кампаніі «Берасьце супраць сьвінцу» прайшло 38 судоў па адміністрацыйных пратэстах. Тры зь іх скончыліся арыштамі актывістаў, у іншых выпадках праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага заводу пакаралі штрафамі. Агульны іх памер на канец лютага 2019 году складае 16794 рублі.
Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць
- Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
- Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
- Штонядзелі пратэстоўцы выходзілі на цэнтральную плошчу ў Берасьці. Блогераў і актывістаў затрымлівалі, выносілі ім папярэджаньні, штрафавалі і абавязвалі выбачыцца за відэа пра акумулятарны завод.
- Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
- У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
- У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
- У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
- 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
- У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
- 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
- 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
- 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.