Лявон Вольскі апублікаваў адразу два кліпы. ВІДЭА

Беларускі сьпявак Лявон Вольскі апублікаваў кліпы на дзьве песьні з альбому «Гравітацыя», які прэзэнтуе ў менскім Prime Hall 2 сакавіка.

Адзін кліп — «Лепшыя на сьвеце» рэжысэра Арцёма Лобача — гэта нарэзка архіўных кадраў зь сюррэалістычнымі сюрпрызамі пад песьню пра каханьне.

Другі кліп — «Човен» рэжысэркі Елізаветы Ганчаровай — набор яе малюнкаў з тэкстам песьні, напісаным беларускай лацінкай (як і ў іншых кліпах Вольскага з тэкстамі песень).

Сам Вольскі сказаў, што яму спадабаліся падыходы абодвух рэжысэраў, якія «знайшлі ў песьнях шмат дадатковых сэнсаў».

Раней на песьні з «Гравітацыі» былі апублікаваныя яшчэ тры кліпы. Новы альбом Лявона Вольскага, як і папярэдні, быў запісаны ў Вільні з нарвэскім саўндпрадусарам Снорам Бэргерудам. Ён завяршае трылёгію альбомаў «Грамадазнаўства» (2014) і «Псыхасаматыка» (2016).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 12 кліпаў «нізкага мастацкага ўзроўню». І нават нешта горшае. ВІДЭА 18+