Сёньня ў Беларусі звыш 160 пажыцьцёва зьняволеных, паведаміў старшыня Вярхоўнага суду Валянцін Сукала ў праграме «Размова ў прэзыдэнта» тэлеканала «Беларусь-1» увечары 25 лютага.
«Некаторыя папракаюць беларускія суды ў залішняй жорсткасьці і суровасьці, але я б так не сказаў, — заявіў Сукала. — Таму што нават летась пры высокім узроўні рэцыдыўнай злачыннасьці (яна ў нас амаль 40% складае) мы знайшлі магчымасьць на 2 тысячы 400 чалавек менш накіраваць у месцы пазбаўленьня волі, чым у 2017 годзе.
Кожны год мы прыкладна для 2 тысяч знаходзім магчымасьць не выбіраць такое суровае пакараньне, як пазбаўленьне волі, а прызначаем альтэрнатыўнае пакараньне. І гэта якраз сьведчыць пра гуманізацыю нашага крымінальнага заканадаўства і судовай практыкі. Плюс да таго мы паўтары тысячы спраў спынілі летась з прычыны малазначнасьці, прымірэньня бакоў, раскаяньня бакоў. У дачыненьні 90 чалавек спынілі абвінаваўчыя прысуды наогул без прызначэньня пакараньня».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Турма, мужчына і жанчына. Зона Х. ПажыцьцёваеАдказваючы на пытаньне, ці плянуецца зьмякчаць пакараньне для пажыцьцёва зьняволеных, Сукала адзначыў, што гэтая мера пакараньня было заснаваная ў 1997 годзе.
«Для таго, каб пачаць ужываць ільготныя магчымасьці для вызваленьня або замены пажыцьцёвага пакараньня на іншы від пакараньня, трэба, каб прайшло 20 гадоў, раней гэта рабіць паводле закону проста нельга. Сёньня — гэта якраз такі пэрыяд, калі можна чакаць такіх рашэньняў», — сказаў старшыня Вярхоўнага суду.
«Летась мы аднаму чалавеку прысудзілі пажыцьцёвае зьняволеньне і двум чалавекам — выключную меру пакараньня, расстрэл. Пажыцьцёвае зьняволеньне адбывае больш за 160 чалавек. Думаю, надыходзіць час, калі такія рашэньні, магчыма, будуць судамі прымацца», — паўтарыў Сукала.