25 лютага ў пяці гарадах ЗША — Вашынгтоне, Бостане, Сан-Францыска, Маямі і Нью-Ёрку — прайшлі акцыі памяці забітага расейскага апазыцыянэра Барыса Нямцова, паведамляе «Голас Амэрыкі». На акцыі памяці Нямцова ў Вашынгтоне луналі і бел-чырвона-белыя сьцягі.
Барыса Нямцова застрэлілі на Вялікім Маскварэцкім мосьце, непадалёк ад Крамля, 27 лютага 2015 году. Прысуд па справе аб яго забойстве вынесьлі летась у ліпені. Выканаўцу забойства, Заўру Дадаеву, прысудзілі 20 гадоў турмы, чацьвёра саўдзельнікаў атрымалі ад 11 да 19 гадоў. Заказчык злачынства дагэтуль не ўстаноўлены. Сваякі і паплечнікі Нямцова настойваюць, што да яго забойства датычны кіраўнік Чачэніі Рамзан Кадыраў.
Афіцыйна расьсьледаваньне працягваецца, аднак сям’я Барыса Нямцова мяркуе, што сьледзтва нічога ня робіць, каб знайсьці арганізатараў і замоўнікаў забойства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі перасталі шукаць замоўніка забойства апазыцыянэра Нямцова, — адвакат сям’іАдвакатка Вольга Міхайлава, якая прадстаўляе інтарэс дачкі забітага Жанны, лічыць, што «менавіта палітыка ўплывае на тое, што арганізатары і замоўнікі ня выяўленыя і не панесьлі заслужанага пакараньня». На хадайніцтвы з просьбай азнаёміцца з ходам сьледзтва ёй адказалі адмовай, зь якой вынікае, што ніякіх экспэртызаў больш не праводзіцца.
24 лютага акцыі памяці Нямцова прайшлі ў Маскве і шэрагу іншых гарадоў Расеі. У некаторых гарадах улады адмовіліся дазваляць акцыі памяці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На марш памяці Нямцова ў Маскве выйшлі больш за 10 тысяч чалавек