Аляксандар Лукашэнка вынес вымову міністру адукацыі Ігару Карпенку за непрыняцьце належных мераў для бясьпечнага знаходжаньня дзяцей ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, піша БелТА.
Лукашэнка вінаваціў Карпенку ў стаўпецкай трагедыі
Лукашэнка 12 лютага выказаўся пра прычыны нападу ў стаўпецкай школе № 2, калі 10-клясьнік забіў нажом 11-клясьніка і настаўніцу, а таксама параніў двух сваіх аднаклясьнікаў. Паводле Лукашэнкі, у здарэньні вінаватыя ўсе. Але найбольш — старшыня райвыканкаму і міністар адукацыі.
«Трэба на ўсю катушку спагнаць перш за ўсё са старшыні райвыканкаму. І зь міністра адукацыі. Чаму не навялі парадак у школе? Школа — сьвятое месца. Як у царкву, трэба ісьці ў школу», — сказаў Лукашэнка.
Адказам на такое здарэньне, на думку Лукашэнкі, павінна быць «навядзеньне жалезнай дысцыпліны ў школе».
Як пісала Свабода, Карпенка не наведаў стаўпецкую школу № 2 пасьля здарэньня.
Забойства ў стаўпецкай школе. Асноўнае
- Паводле сьледзтва 11 лютага ў стаўпецкай сярэдняй школе № 2 вучань 10 клясы напаў з нажом на настаўніцу і трох вучняў.
- 50-гадовая настаўніца гісторыі і грамадазнаўства і вучань 11 клясы загінулі, двух аднаклясьнікаў нападніка шпіталізавалі з раненьнямі.
- Сьледчы камітэт завёў крымінальныя справы за забойства двух і больш чалавек і спробу забойства. Паводле ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусі нападніку могуць прысудзіць ад 8 да 12 гадоў турмы.
Будзе абноўлена