Міністар фінансаў Кіргізстану Бактыгуль Жэенбаева і першы намесьнік памочніка дзяржсакратара ЗША ў пытаньнях Паўднёвай і Цэнтральнай Азіі Эліс Ўэлс падпісалі 25 лютага ў Бішкеку пагадненьне аб вяртаньні Кіргізстану 4,56 мільёна, незаконна выведзеных з краіны сынам экс-прэзыдэнта краіны Максімам Бакіевым.
Падпісваючы дакумэнт, Жэенбаева заявіла, што, «гэтыя сродкі былі скрадзеныя ў народу Кіргізстану падчас рэжыму Бакіева, і мы, пры садзеяньні ўраду ЗША, вяртаем гэтыя грошы ў рэспубліку». Паводле яе, грошы будуць накіраваныя на праект забесьпячэньня насельніцтва чыстай вадой, а таксама на набыцьцё мэдыцынскага абсталяваньня і прэпаратаў.
Курманбек Бакіеў быў прэзыдэнтам Кіргізстану з 2005 па 2010 год. Ён прыйшоў да ўлады на хвалі так званай «Тульпанавай рэвалюцыі» супраць ураду Аскара Акаева. Аднак у ходзе новай рэвалюцыі 7–15 красавіка 2010 году яго скінула з пасады апазыцыя. Палітык пакінуў краіну і ўжо некалькі гадоў жыве ў палітычнай эміграцыі ў Беларусі зь сям’ёй.
У Кіргізстане на Бакіева і яго брата Жаныбека Бакіева было заведзена больш за дзесяць крымінальных справаў. У сьнежні 2010 году суд завочна прысудзіў Курманбеку Бакіеву і яго брату 10 гадоў пазбаўленьня волі, што азначае, што з улікам новага прысуду экс-прэзыдэнт сукупна засуджаны на 30-гадовы турэмны тэрмін, а яго брат — на пажыцьцёвы тэрмін.
Сыну экс-прэзыдэнта Максіму Бакіеў таксама завочна засудзілі ў Кіргізстане на пажыцьцёвае пазбаўленьне волі паводле абвінавачаньняў у карупцыі і адмываньні нелегальных даходаў ды абвясьцілі ў міжнародны вышук. Паводле розных СМІ, ён жыве ў Лёндане і ў Беларусі, дзе яму належыць дом у элітным пасёлку Раўбічах пад Менскам.