Ініцыятыўная група берасьцейцаў, якія пратэстуюць супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу, зьбіраецца вылучыць свайго кандыдата на выбарах прэзыдэнта Беларусі. Ужо названае імя верагоднага прэтэндэнта: Дзям’ян Лепясевіч — адзін зь лідэраў пратэстоўцаў.
Сам Дзям’ян Лепясевіч у інтэрвію Свабодзе заявіў, што ініцыятыўная група будзе вывучаць наконт гэтага грамадзкую думку.
«Хочам нешта зьмяніць у гэтай краіне»
«Мы як ініцыятыўная група зьвяртаемся да народу Рэспублікі Беларусь з пытаньнем-прапановай: мы хочам вылучыць свайго кандыдата на прэзыдэнта, каб нешта зьмяніць у гэтай краіне. Таму што, як мы бачым, у нас закон не працуе абсалютна. Усё робіцца не на карысьць здаровага сэнсу, а на карысьць нечых незразумелых інтарэсаў.
Калі народ выявіць сваё жаданьне і падтрымае нашую ідэю, то мы сядзем за круглы стол і прымем такое рашэньне аб вылучэньні. Маральна мы гатовыя — каб ня былі гатовыя, мы б такога не казалі. Ісьці папулісцкімі мэтадамі мы не зьбіраемся, мы спачатку спытаем у грамадзтва, у народу яго думку, а потым будзем прымаць рашэньне канчаткова», — сказаў Свабодзе Дзям’ян Лепясевіч.
Прадстаўнікі ініцыятыўнай групы плянуюць высьвятляць думку людзей праз інтэрнэт.
«Спытаем праз сацыяльныя сеткі, праз інтэрнэт, гэтага цалкам дастаткова. Калі нехта арганізуе сацапытаньне, будзем яму толькі ўдзячныя. У нас часу дастаткова, ніхто нікуды не сьпяшаецца і ні да чога не абавязвае — гэта дыялёг з грамадзтвам», — кажа Дзям’ян Лепясевіч.
Лепясевіч кажа, што на гэты крок іх падштурхнула будаўніцтва акумулятарнага заводу каля Берасьця.
«Мы зьвяртаемся, але дзеяньняў у адказ у межах закону ад уладаў ня маем. Ёсьць толькі адна адгаворка — мы вам усё адказалі. Наша заява — гэта не барацьба супраць заводу. Мы ўзьнялі цэлы пласт праблемаў, без вырашэньня якіх у нас разьвіцьця зусім ніякага быць ня можа», — кажа спадар Лепясевіч.
Хто такі Лепясевіч
Дзям’ян Лепясевіч — адзін зь лідэраў групы берасьцейцаў, якія пратэстуюць супраць заводу. Ён мае тэхнічную адукацыю і зьвяртае ўвагу на розныя супярэчнасьці ў справе будаўніцтва заводу. Пратэстоўцы прыслухоўваюцца-да ягонай думкі.
Лепясевіч удзельнічаў у многіх акцыях па «кармленьні галубоў», што праходзяць у цэнтры Берасьця па нядзелях. У кастрычніку мінулага году за ўдзел у такой акцыі ён быў затрыманы і аштрафаваны на 245 рублёў.
Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць
- Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
- Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
- Штонядзелі пратэстоўцы выходзілі на цэнтральную плошчу ў Берасьці. Блогераў і актывістаў затрымлівалі, выносілі ім папярэджаньні, штрафавалі і абавязвалі выбачыцца за відэа пра акумулятарны завод.
- Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
- У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
- У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
- У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
- 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
- У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
- 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
- 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
- 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.