Гуайдо: магчымыя «любыя меры», каб адхіліць Мадура ад улады

Мост на мяжы Вэнэсуэлы і Калюмбіі, 23 лютага 2019

Кіраўнік парлямэнту Вэнэсуэлы Хуан Гуайдо, прызнаны ЗША і шэрагам іншых краін легітымным часовым прэзыдэнтам краіны, заклікаў міжнародную супольнасьць разгледзець «любыя меры», каб дамагчыся адхіленьня ад улады прэзыдэнта Нікаляса Мадура — пасьля таго, як ляяльныя Мадура паліцыянты і вайскоўцы сарвалі ў суботу спробу даставіць у краіну гуманітарную дапамогу з Калюмбіі і Бразыліі.

Гуайдо, які цяпер знаходзіцца ў Калюмбіі, таксама напісаў у твітэры, што ў найбліжэйшыя дні сустрэнецца з прадстаўнікамі замежных краін, якія падтрымліваюць яго. Для вызваленьня краіны, напісаў ён, неабходна спалучэньне «вонкавага і ўнутранага ціску» на рэжым Мадура.

Чакаецца, што ў панядзелак Гуайдо сустрэнецца з віцэ-прэзыдэнтам ЗША Майклам Пэнсам, які ў суботу зноў выступіў з заявай у падтрымку вэнэсуэльскай апазыцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вэнэсуэла разьлічваецца за беларускія харчы

Гуайдо і яго прыхільнікі ў суботу асабіста ўдзельнічалі ў спробе даставіць гуманітарную дапамогу з ЗША і Вялікабрытаніі ў Вэнэсуэлу. На мяжы, аднак, іх сустрэлі кардоны Нацыянальнай гвардыі, бо Нікаляс Мадура раней забараніў дастаўку гуманітарных грузаў у краіну.​ 23 лютага Мадура заявіў аб разрыве дыпляматычных стасункаў Вэнэсуэлы з Калюмбіяй. Як піша Reuters, ён абвінаваціў калюмбійскія ўлады ў дапамозе вэнэсуэльскай апазыцыі, якая спрабуе ўвезьці ў краіну гуманітарную дапамогу, і назваў гэта «атакай на Вэнэсуэлу».

Вэнэсуэльскія войскі, якія падтрымліваюць Мадура, закрылі межы з Калюмбіяй — а раней таксама закрыла межы з Бразыліяй. Вэнэсуэльская армія афіцыйна паведаміла аб разьмяшчэньні дадатковых войскаў на мяжы з Калюмбіяй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лаўроў: Расея зробіць усё, каб падтрымаць Мадура

Арганізацыя амэрыканскіх дзяржаваў не прызнала разрыву стасункаў, бо не прызнае Мадура законным прэзыдэнтам Вэнэсуэлы. Калюмбія ж пагадзілася з патрабаваньнем высылкі сваіх дыпляматаў з Вэнэсуэлы, часова закрыла межы з Вэнэсуэлай у раёнах, дзе адбыліся сутыкненьні.

Мадура не прапускае гуманітарную дапамогу

Тым часам, як піша Reuters, грузавікі з гуманітарнай дапамогай вярнуліся ў Калюмбію пасьля няўдалай спробы праехаць у Вэнэсуэлу. Вайскоўцы, ляяльныя Мадура, атакавалі калёну – прынамсі два грузавікі зь ежай і мэдыкамэнтамі былі спаленыя, яшчэ прынамсі два засталіся недзе на тэрыторыі Вэнэсуэлы.

Сутыкненьні нападалёк ад мяжы Вэнэсуэлы з Калюмбіяй, 23 лютага 2019

У сутыкненьнях на мяжы вэнэсуэльскі бок ужываў сьлезацечны газ і гумовыя кулі, а пратэстоўцы — камяні. Пацярпелі дзясяткі чалавек (паводле калюмбійскіх уладаў, 285 чалавек). Як перадае The Guardian, у сутыкненьнях на мяжы з Бразыліяй вэнэсуэльскія ўзброеныя сілы ўжывалі агнястрэльную зброю, параненыя прынамсі 18 чалавек і забітыя прынамсі чатыры.

Апазыцыйны лідэр Хуан Гуайдо, які абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам (і быў прызнаны такім ЗША, большасьцю краінаў Амэрыкі і Заходняй Эўропы) абяцаў забясьпечыць дастаўку гуманітарнай дапамогі ў краіну, нягледзячы на супраціў рэжыму Мадура. У суботу Гуайдо асабіста браў удзел у выпраўцы каравану грузавікоў з гуманітарнай дапамогай з калюмбійскага гораду Кукута.

ЗША па-ранейшаму падтрымліваюць Гуайдо

Пасьля правалу спробы даставіць гуманітарную дапамогу віцэ-прэзыдэнт ЗША Майк Пэнс прызначыў на панядзелак сустрэчу з Гуайдо ў Калюмбіі. Гуайдо тым часам заявіў, што просіць міжнародную супольнасьць разглядаць «усе варыянты», каб спыніць узурпацыю ўлады, паспрыяць працы пераходнага ўраду і правядзеньню свабодных выбараў.

Дзяржаўны сакратар ЗША Майк Пампэо, як перадае Associated Press, заклікаў вэнэсуэльскія органы бясьпекі «зрабіць правільную рэч» і прапусьціць гуманітарную дапамогу, а таксама абараніць мірных жыхароў ад «узброенай банды» Мадура.