Магчымую вясновую паводку абмеркавалі на пасяджэньні камісіі па надзвычайных сытуацыях пры Савеце міністраў у пятніцу.
Запасы вады ў сьнезе значна ніжэйшыя за звычайныя для гэтага пэрыяду года ў басэйнах Нёмана, Віліі і Бярэзіны. Блізкія да нормы і некалькі больш яе — у басэйнах Дзьвіны, Дняпра, Сож. Пра гэта сказала Сьвятлана Кузьміч, намесьніца начальніка Рэспубліканскага цэнтру па гідрамэтэаралёгіі, кантролі радыеактыўнага забруджваньня і маніторынгу навакольнага асяродзьдзя Мінпрыроды.
Яе словы перадае прэс-служба Савету міністраў. Па інфармацыі Кузьміч, сьнегавое покрыва растала ў басэйнах Заходняга Буга і Прыпяці, большай часткі басэйна Нёмана, месцамі ў Дзьвіны, Бярэзіны, Дняпра і Сожа. Па дадзеных на 20 лютага, вышыня сьнегавога покрыва ў Беларусі складала ад 1 да 24 см.
Па словах намесьніка міністра па надзвычайных сытуацыях Аляксандра Худалеева, пры максымальна нэгатыўным сцэнары найбольш верагодныя падтапленьні ў 13 раёнах краіны. У Віцебскай вобласьці — гэта Лёзьненскі і Сеньненскі раёны. У Гомельскай — Жыткавіцкі, Мазырскі, Петрыкаўскі, Рагачоўскі. У Менскай — Барысаўскі, Пухавіцкі і Стаўпецкі. У Магілёўскай — Бабруйскі, Бялыніцкі, Мсьціслаўскі, Чэрыкаўскі.