Пуцін даручыў распрацаваць плян дзяржаўнай падтрымкі сучаснай музыкі ў Расеі

Гурт IC3PEAK

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін даручыў першаму намесьніку кіраўніка сваёй адміністрацыі Сяргею Кірыенку арганізаваць абмеркаваньне з экспэртнай супольнасьцю захадаў дзяржаўнай падтрымкі сучаснай папулярнай музыкі, — вынікае з дакумэнту, апублікаванага на сайце Крамля. Даручэньне было дадзенае 20 лютага па выніках пасяджэньня прэзыдэнцкай рады культуры і мастацтва, якое адбылося 15 сьнежня летась, прапановы Кірыенка павінен прадставіць да 1 верасьня 2019 году.

«Адміністрацыі прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі арганізаваць абмеркаваньне з удзелам прадстаўнікоў экспэртнай супольнасьці і экспэртных арганізацый формаў дзяржаўнай падтрымкі сучаснай папулярнай музыкі, у тым ліку напрамкаў, запатрабаваных моладзевай аўдыторыяй, а таксама сучасных відаў візуальных мастацтваў. Падаць плян першачарговых дзеяньняў у гэтай сфэры», — гаворыцца ў даручэньні.

У другой палове 2018 году мясцовыя ўлады і сілавыя структуры ў Расеі пачалі масава забараняць і зрываць канцэрты папулярных у моладзі выканаўцаў: Манетачкі, Элджэя, Feduk, Хаскі, гуртоў IC3PEAK і іншых. Самы вялікі грамадзкі рэзананс выклікала адмена канцэрту Хаскі і яго далейшы арышт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейцы IC3PEAK далі ў Менску падпольны канцэрт, нягледзячы на ​​забарону

Пасьля гэтага 15 сьнежня Пуцін на пасяджэньні рады культуры, адказваючы на пытаньне прадзюсэра Ігара Мацвіенкі, выказаўся на тэму сучаснай музыкі і адмены канцэртаў. «Рэп і іншае сучаснае (стаіць) на трох кітах: сэкс, наркотыкі і пратэст. З усяго гэтага, вядома, больш за ўсё турбуюць наркотыкі. Гэта відавочная рэч, гэта шлях да дэградацыі нацыі, да дэградацыі», — сказаў Пуцін.

«Але з чым я згодны цалкам: калі немагчыма спыніць, то трэба ўзначаліць і адпаведным чынам накіроўваць. А вось як гэта зрабіць, гэта залежыць ад нас. Спосаб, пра які вы згадалі: „хапаць і не пускаць“- самы неэфэктыўны, самы дрэнны, які можна сабе прыдумаць. Эфэкт будзе адваротны чаканаму, гэта ўжо дакладна», — заўважыў тады Пуцін і заклікаў «выбудоўваць» працу з рэпэрамі.

Пасьля гэтага ў студзені 2019 году Генэральная пракуратура даручыла праверыць, чаму ў некалькіх рэгіёнах адмянялі канцэрты рэпэраў. Запыты былі накіраваныя ў прыватнасьці пракурорам рэспублік Дагестан, Саха (Якуція), Татарстан, Краснадарскага краю, Белгарадзкай і Ніжагародзкай абласьцей.