Жыхар Рэчыцы, вядоўца курсаў «Мова Нанова» Андрэй Мядзьведзеў сутыкнуўся з сытуацыяй, калі прадавачка ў шапіку «Белсаюздрук» ня ведала, як тавары называюцца па-беларуску. Прадавачка вырашыла, што зь яе зьдзекуюцца. Міністар жа інфармацыі парэкамэндаваў арганізаваць для прадаўцоў шапікаў курсы беларускай мовы «ў неабходным для працы аб’ёме».
«Белсаюздрук» абараніў сваю работніцу ад «беларускамоўных»
«Яшчэ ў лістападзе мая сяброўка папрасіла прадаць ёй сшытак у адным з шапікаў „Белсаюздрук“ у Гомлі. Прадавец ня ведала такога слова і вырашыла, што зь яе зьдзекуюцца, — сказаў Свабодзе Андрэй Мядзьведзеў. — Празь некалькі дзён я папрасіў у тым шапіку прадаць мне аловак. Атрымаў не аловак, а адказ: „Я не разумею па-беларуску“. Яна сьцьвярджала, што ўвогуле ня ведае беларускай мовы».
Гамяльчук напісаў скаргу ў мясцовую філію «Белсаюздруку» са спасылкай на закон «Аб мовах». Закон абавязвае работнікаў дзяржаўных органаў, органаў мясцовага кіраваньня і самакіраваньня, прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый валодаць беларускай і расейскай мовамі ў аб’ёме, неабходным для выкананьня імі сваіх службовых абавязкаў.
З Гомельскай філіі «Белсаюздруку» жыхар Рэчыцы атрымаў адказ, што прадавец не зьяўляецца службовай асобай, а належыць да катэгорыі «працоўных».
«Прымяненьне да яго тэрміну „службовыя абавязкі“ пры выкананьні ім працоўных функцый непрыдатнае», — адказаў дырэктар гомельскай філіі «Белсаюздруку» Васіль Кулыба.
Такую фармулёўку Андрэй Мядзьведзеў вырашыў спраўдзіць у заканадаўчым органе — Палаце прадстаўнікоў. Адтуль атрымаў адказ: «Усе катэгорыі работнікаў маюць службовыя абавязкі незалежна ад займаемай пасады, толькі абавязкі гэтыя ў кожнага розныя».
Міністар інфармацыі падзяліў абурэньне беларускамоўнага
Вядоўца курсаў зьвярнуўся і ў Міністэрства інфармацыі. Міністар Аляксандар Карлюкевіч падзяліў абурэньне жыхара райцэнтру і папрасіў прабачэньня.
«Безумоўна, работнікі дзяржаўных прадпрыемстваў і ўстаноў павінны валодаць беларускай і рускай мовамі ў аб’ёме, неабходным ім для выкананьня службовых абавязкаў. Разам з тым паведамляем, што ў сёньняшніх эканамічных умовах, пры невялікіх заробках знайсьці кваліфікаванага прадаўца ня проста, а такога, які б валодаў дзьвюма дзяржаўнымі мовамі — вельмі цяжка», — зазначыў у адказе міністар.
Ён дадаў, што бліжэйшым часам кіраўнікам «Белсаюздруку», «Белкнігі» і «Магілёўсаюздруку» будзе рэкамэндавана арганізаваць для гандлёвых работнікаў курсы беларускай мовы ў неабходным для працы аб’ёме.
Андрэй Мядзьведзеў мае намер спраўдзіць праз пэўны час — ці сапраўды прадаўцоў навучаць словам «сшытак» і «аловак».
«Прадавец у шапіку мусіць хаця б разумець беларускамоўных пакупнікоў. Мы ж не патрабавалі ад яе размаўляць па-беларуску. Складаецца такая сытуацыя, што расейскамоўныя прымушаюць нас размаўляць выключна па-расейску. Тады наагул ня будзе дзе размаўляць у публічнай прасторы па-беларуску», — кажа Андрэй Мядзьведзеў.