Калі спрачаюцца пра гендэрныя квоты, якія забясьпечвалі б жаночае прадстаўніцтва на кіраўнічых пасадах і ўвогуле ў розных арганізацыях, часта забываюць, што квоты ў Беларусі ўжо ёсьць. Толькі працуюць яны наадварот.
Гендэрныя квоты ў Беларусі ўжо ёсьць. Толькі працуюць яны наадварот.
У 2019 годзе ніводная дзяўчына ў нашай краіне ня зможа пачаць вучыцца ў Інстытуце памежнай службы. Памежны камітэт штогод падае заяўку, колькі дзяўчат мусіць навучацца ў інстытуце. І сёлета, як і ў мінулым годзе, дзяўчат яны не чакаюць.
Антон Бычкоўскі, афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту, кажа, што для навучаньня жанчын трэба ствараць пэўныя ўмовы (асобнае разьмяшчэньне). І гэта нібыта праблема! Але ж я ўпэўнена, што калі заўтра зьявяцца санітарныя нормы, дзеля выкананьня якіх трэба будзе зьмяняць умовы разьмяшчэньня мужчын, інстытут ня стануць закрываць. Усе патрабаваньні паслухмяна выканаюць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускіх памежнікаў «аптымізавалі»: замест іх могуць працаваць мытнікіТолькі калі справа даходзіць да таго, каб нешта зрабіць для жанчын, становіцца відавочна, што да гэтага ставяцца не як да рэальнай патрэбы, а як да нечых дурных прыхамацяў.
А яшчэ аказваецца, што браць у гэтым годзе на навучаньне толькі мужчын — гэта такое захаваньне балянсу «каб забясьпечыць нармальныя ўмовы навучаньня і выканаць замову».
Такія людзі, як Бычкоўскі, самі ствараюць і падтрымліваюць гэтую заканамернасьць.
Прадстаўнік камітэту кажа, што вайсковым арганізацыям больш патрэбны мужчыны, і што гэта заканамерна. «Традыцыйна так склалася». Але хіба ж гэта нейкая аб’ектыўная заканамернасьць, а не прымітыўныя і даўно састарэлыя стэрэатыпы? Такія людзі, як Бычкоўскі, самі ствараюць і падтрымліваюць гэтую заканамернасьць: замацоўваюць яе сваімі рашэньнямі і наўпрост абмяжоўваюць жанчын у праве на выбар і рэалізацыю ў прафэсіі.
Аб’ектыўных абмежаваньняў для жанчын не існуе — гэта проста чарговая адгаворка, каб не мадэрнізаваць сыстэму. Але ж нягледзячы на відавочную дыскрымінацыю, Антон Бычкоўскі ўпэўнены, што для жанчын няма ніякіх абмежаваньняў для кар’еры, у тым ліку для кіруючых афіцэрскіх пасадаў.
Гэта проста чарговая адгаворка, каб не мадэрнізаваць сыстэму.
Толькі вельмі хочацца запытацца: для якіх менавіта жанчын? Для тых, каму пашанцавала быць абітурыенткамі ў той год, калі камітэт высакародна дазволіў ім паступаць у ВНУ? Для тых жанчын, якія прайшлі па асобным конкурсе зь вялікай канкурэнцыяй?
Апошні раз дзяўчат у Інстытут памежнай службы прымалі ў 2017 годзе. Яны маглі паступіць толькі на адзін факультэт з чатырох. Жаночы прахадны был быў на 38 пунктаў вышэйшы за мужчынскі. Дзеля справядлівасьці, у 2016 годзе ў хлопцаў прахадны бал быў вышэйшы, чым у дзяўчат.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне расьсьледуюць буйную кантрабанду тытуню зь Беларусі ў ЭўразьвязАле ж як такі падыход можна назваць збалянсаваным? І чаму так атрымліваецца, што ў адказ на прапановы ўвесьці квоты для жанчын мы часта чуем абвінавачваньні ў несправядлівасьці і пратэкцыянізме, але існыя квоты для мужчын успрымаюцца як норма і «заканамернасьць, якая традыцыйна склалася»?
Лёгка быць героямі без канкурэнцыі.
І гэтыя мужчыны, якія не пускаюць жанчын у прафэсію, 23 лютага з гонарам расказваюць, як яны ганарацца быць нашымі абаронцамі. Якія яны моцныя і адважныя, як гатовыя змагацца з уяўнымі ворагамі, і ўсё гэта толькі дзеля нас!
Лёгка быць героямі без канкурэнцыі. Самі сябе прызначылі, самі сябе ўсхваляюць. Але ж конкурс пяць чалавек на адно жаночае месца ў Інстытуце памежнай службы празрыста намякае, што жанчыны самі гатовыя сябе абараняць. І гэта ня ветлівая просьба, а вяртаньне сабе таго, на што мы заўжды мелі права.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.