Генэральны пракурор Аляксандар Канюк пацьвердзіў факт затрыманьня шэрагу службоўцаў РУП «Белмытсэрвіс».
«Мы затрымалі некалькі асобаў, — цытуе генпракурора БелТА. — Але патрэбен час, каб дэталёва ва ўсёй гэтай сытуацыі разабрацца».
Аляксандар Канюк ня стаў раскрываць падрабязнасьці, патлумачыўшы, што лічыць за лепшае не даваць камэнтары аб справе, якая знаходзіцца ў рабоце.
«Бываюць ўсялякія сытуацыі, а гэта людзі. Мы перад імі адказныя нават за тую інфармацыю, якую даём», — адзначыў ён, нагадаўшы, што напярэдадні Аляксандар Лукашэнка перасьцярог праваахоўнікаў ад раскрыцьця крымінальных спраў, бо ёсьць рызыка прыцягненьня да адказнасьці невінаватых.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі будзе, невядома». Зьявілася інфармацыя пра затрыманьне гендырэктара «Белмытсэрвісу»Дзьве крыніцы 19 лютага пацьвердзілі Свабодзе інфармацыю пра затрыманьне гендырэктара кампаніі «Белмытсэрвіс» Юрыя Караля. У прыёмнай гендырэктара кампаніі гэтых зьвестак не пацьвердзілі, але і не абверглі.
«Яго пакуль няма, злучыць зь ім не магу; калі будзе, невядома», — адказала карэспандэнту Свабоды сакратарка гендырэктара.
На прамое пытаньне пра магчымае затрыманьне гендырэктара яна адказала: «Гэтыя зьвесткі мы не камэнтуем».
«Белмытсэрвіс» — найбуйнейшы лягістычны апэратар Беларусі з уласнымі мытнымі тэрміналамі і транспартнымі цэнтрамі. У структуры прадпрыемства — тры дзясяткі офісаў і 250 пунктаў абслугоўваньня па ўсёй краіне.
Як гаворыцца на карпаратыўным сайце, кампанія аказвае поўны комплекс паслуг, уключна са складзкой апрацоўкай, мытным афармленьнем, паручальніцтвам, экспэдаваньнем, міжнароднай перавозкай грузаў любым відам транспарту і распрацоўкай праграмнага забесьпячэньня.
Год таму ў гэтым ж час дырэктар прадпрыемства Юры Кароль расказваў журналістам, што тэмпы росту выручкі кампаніі пастаянна растуць, ягоныя супрацоўнікі штогод афармляюць блізу паўмільёна заявак ЭПІ — электроннага папярэдняга інфармаваньня.