Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей назваў трызьненьнем выказваньні былога кіраўніка NATO Андэрса Фог Расмусэна пра тое, што Расея нібыта хоча далучыць Беларусь, каб наблізіцца да межаў Эўропы, піша БелТА.
«Ніякіх камэнтароў. Як можна камэнтаваць брыдоту нейкіх адстаўных служачых, якія даўно ўжо не працуюць і якія згубілі сувязь з рэальнасьцю», — сказаў Макей.
Былы прэмʼер Даніі (2001-2009) і кіраўнік NATO Андэрс Фог Расмусэн (2009-2014) даў інтэрвію ўкраінскаму выданьню Liga.net падчас Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы. Сярод іншага ён сьцьвярджаў пра паўтор у Беларусі ўкраінскага сцэнару з вайной і анэксіяй.