Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей пракамэнтаваў Свабодзе пэрспэктывы дамовы аб спрашчэньні візавага рэжыму з краінамі Эўразьвязу,
Калі Беларусь падпіша гэтае пагадненьне, то шэнгенскія візы для яе грамадзян патаньнеюць да 35 эўра, а калі не — то падаражэюць да 80 эўра.
«Мы працягваем працу з нашымі эўрапейскімі партнэрамі што да спрашчэньня візавага рэжыму і аб рэадмісіі. Як адзначалася раней, часам узьнікаюць пэўныя моманты, якія беларускі бок абмінуць ня можа. Цяпер мы акурат працуем над вырашэньнем гэтых праблемных нюансаў», — заявіў кіраўнік замежнапалітычнага ведамства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шэнгенскія візы даражэюць на 20 эўра. І для беларусаў таксама?На ўдакладненьне, у якой ступені афіцыйны Менск гатовы да кампрамісу, Уладзімер Макей сказаў, што «практычна заўсёды».
«Папярэдняя практыка нашай замежнапалітычнай і замежнаэканамічнай дзейнасьці заўсёды сьведчыла пра адно: калі мы бачым, што дзесьці ўзьнікаюць праблемы, якія ў той ці іншай ступені ёсьць непераадольнай перашкодай, беларускі бок заўсёды дэманстраваў сваю гатовасьць да кампрамісу. Пытаньне аб спрашчэньні візавага рэжыму ня ёсьць выняткам», — падкрэсьліў Ўладзімер Макей.