21 лютага Беларусь і Віетнам падпісалі пагадненьне аб будаўніцтве ў Віетнаме заводу для вытворчасьці сухога малака і сухой малочнай сыроваткі.
Гэтую інфармацыю агучыў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка на сустрэчы з новым амбасадарам Віетнаму ў Беларусі Фам Хаем.
Андрэйчанка назваў гэта добрай навіной. Віетнам стане новым рынкам для беларускай «малочкі». Пакуль Расея ўсё часьцей выказвае незадаволенасьць якасьцю беларускай мяса-малочнай прадукцыі, вытворцы шукаюць альтэрнатыўныя спажывецкія рынкі і знаходзяць іх у Кітаі і Віетнаме.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пакуль Расея забараняе беларускія прадукты, Беларусь выходзіць на харчовы рынак КітаюАндрэйчанка заявіў, што ў 2019 годзе існуе рэальная магчымасьць істотна павялічыць таваразварот паміж дзьвюма краінамі:
«У другой палове году ў Віетнаме запрацуе супольны завод па вытворчасьці грузавых аўтамабіляў МАЗ. У Ханоі пасьпяхова прайшлі апрабацыю 32 пасажырскія аўтобусы „МАЗ“. Падчас візыту кіраўніцы Нацыянальнага сходу Віетнаму Нгуен Тхі Кім Нган у першай палове 2019 году мы правядзем у Менску вялікі бізнэс-форум, на якім пакажам магчымасьці беларускага рынку».
Апошнія чатыры гады таваразварот паміж Беларусьсю і Віетнамам стабільны, ён вагаецца ў памеры 120-130 мільёнаў даляраў.
У плянах 500 мільёнаў даляраў таваразвароту
Сёлета Беларусь і Віетнам плянуюць давесьці двухбаковы гандаль да 500 мільёнаў даляраў. Такую мэту паставілі кіраўнікі дзяржаў Аляксандар Лукашэнка і Чан Дай Куанг падчас візыту апошняга ў Менск у чэрвені 2017 году.
Экспэрт Яўген Красулін ставіць выкананьне сёлета гэтай задачы пад сумнеў:
«Таваразварот нарастаць будзе. Але ня так хутка. Мы дабавім сухія малочныя сумесі, грузавікі і аўтобусы. Яны могуць павялічыць аграрную прадукцыю, рыбу. Ёсьць яшчэ кава. Мабыць, далёка ня ўсе ведаюць, што Віетнам стаў другім пастаўшчыком кавы на ўсясьветны рынак».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 79% беларускага экспарту харчоў пайшло ў РасеюСпадар Красулін дадае, што Віетнам неўзабаве стане моцным гульцом і на рынку электронікі.
«У гандлёвай вайне ЗША і Кітаю на гэтым сэгмэнце рынку пераможцам будзе Віетнам. Ён выглядае вельмі прывабнай пляцоўкай як для экспарту, так і для імпарту. Апошнім часам кітайскія бізнэсоўцы ўсё часьцей пераводзяць свае вытворчасьці ў Віетнам», — тлумачыць Красулін.
Ён таксама зьвяртае ўвагу на тое, што ў гандлі Беларусі і Віетнаму пакуль няма ні пераможцаў, ні прайграўшых, паколькі ў таваразвароце існуе рэальны балянс.
«Але ў пэрспэктыве мы будзем купляць у Віетнаме ўсё больш, а пастаўляць туды прадукцыю на тую ж суму будзем ня здольныя. Таму, з кожным годам, мне здаецца, станоўчы балянс будзе нарастаць на карысьць Віетнаму», — прагназуе Яўген Красулін.