Віцэ-прэмʼер Беларусі Ігар Петрышэнка назваў «укідам і беспадстаўнай сэнсацыяй» навіну, што мэдыкі будуць перадаваць міліцыі інфармацыю пра полавыя сувязі дзяўчат да 16 гадоў, піша БелТА.
Пра перадачу гэтых зьвестак міліцыі 15 лютага заявіў журналістам начальнік аддзелу па супрацьдзеяньні гандлю людзьмі УУС Менаблвыканкаму Яўген Дубаневіч.
У Беларусі створаны прававы мэханізм, які абавязковы для выкананьня мэдыкамі і праваахоўнікамі. Дадатковых новаўвядзеньняў у дадзенай сфэры не плянуецца, сказаў віцэ-прэмʼер Беларусі Ігар Петрышэнка.
Паводле начальніка аддзелу мэдычнай дапамогі матулям і дзецям Мінздароўя Людмілы Лёгкай, праваахоўнікам паведамляюць пра полавае жыцьцё дзяўчат да 16 гадоў, калі:
- дзяўчына цяжарная;
- ёсьць прыкметы згвалтаваньня ці перарываньня цяжарнасьці ці калі дзяўчына распавядае пра гэта.
Падыход «у любым выпадку індывідуальны і карэктны», кажа Лёгкая. Гінеколяг можа накіраваць дзяўчыну да падрыхтаванага псыхоляга. Калі ёсьць зьвесткі, якія сьведчаць пра супрацьпраўныя дзеяньні, інфармацыя індывідуальна перадаецца ў міліцыю.
Паводле Лёгкай, мэдычныя агляды – добраахвотны працэс. Ад 14 гадоў падлеткі могуць самі даваць ці не даваць згоду на мэдычныя агляды. Але склалася, што 99% усіх дзяцей прыходзяць на мэдагляды арганізавана клясамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «МУС павінна быць гатовае да трупаў на асфальце» — якая можа быць рэакцыя на «гінэкалягічныя даносы»Што прадугледжваюць ведамасныя інструкцыі?
Усе плянавыя агляды праводзяцца паводле пастановы № 96 Міністэрства аховы здароўя ад 12.08.2016 году «Аб парадку правядзеньня дыспансэрызацыі».
Зацьверджана карта правядзеньня дыспансэрызацыі пацыентамі да 18 гадоў. Сярод абавязковых аналізаў, дасьледаваньняў, аглядаў — пункт 3.7 — агляд пэдыятра, доктара агульнай практыкі, а таксама «вастрыня зроку» (то бок агляд афтальмоляга).
Ёсьць яшчэ дадатак — схема дыспансэрнага назіраньня за дзецьмі ва ўзросьце да 18 гадоў. Дзяўчатак аглядае дзіцячы гінэколяг пры афармленьні ў дзіцячы садок, у выпадку агляду раней — пры афармленьні ў школу. З 14 да 18 гадоў рэкамэндавана праводзіць агляды дзяўчатак дзіцячым гінэколягам 1 раз на год.
Але ў самой пастанове ёсьць пункт 8:
«Пацыент альбо яго законны прадстаўнік мае права адмовіцца ад праходжаньня дыспансэрызацыі і яе асобных мерапрыемстваў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: А можа ўзрост полавай згоды падняць да сарака гадоў?Дзіцячы гінэколяг: «Ніхто ня мае права прымусіць сесьці ў гінэкалягічнае крэсла»
Адзін зь вядучых дзіцячых гінэколягаў на ўмовах ананімнасьці паведаміў Свабодзе, што пачынаючы з 14 гадоў падлетак можа адмовіцца ад мэдычнага агляду.
«Так, звычайна дзяцей прыводзяць цэлым клясам на мэдагляд. Але насамрэч гэта справа добраахвотная. Ніхто ня мае права прымусіць дзяўчынку сесьці ў гінэкалягічнае крэсла. Дзяўчынцы задаюць агульныя пытаньні, ці ёсьць у яе праблемы. Дый наагул, у нас працуюць вельмі далікатныя спэцыялісты. Я ня думаю, што хтосьці зь лекараў адразу „здае“ інфармацыю, што дзяўчынка-падлетак, да прыкладу, ужо не цнатлівая», — кажа адмысловец.
На думку дзіцячага гінэколяга, лепш было б, вядома, каб усё ж на мэдагляды вадзілі дзяцей ня клясныя кіраўнікі «строем», а маці, бо справа тут вельмі далікатная.
Дзіцячы псыхоляг: «Абараняйце дзяцей ад умяшаньня ў іх асабістае жыцьцё»
Дзіцячы псыхоляг Сьвятлана Дзядова таксама перакананая, што і бацькі, і дзяўчаты-падлеткі павінны ведаць, што можна адмовіцца ад абавязковых мэдычных аглядаў.
«Дый наагул, нельга праводзіць мэдагляды бяз згоды бацькоў, а яшчэ лепш гэта рабіць у іх прысутнасьці. Бо да паўналецьця ўсё ж такі за дзіця адказваюць бацькі. Праўда, і паводзіны бацькоў у такой сытуацыі таксама могуць быць розныя. На жаль, пакуль нельга сказаць, што ўсе бацькі разумеюць сваіх дзяцей, не ўва ўсіх дасьведчанасьць, псыхалягічная адукацыя адпавядае, каб зьберагчы псыхіку дзяўчынкі», — кажа дзіцячы псыхоляг.
Сьвятлана Дзядова раіць бацькам, асабліва мамам, абараняць дзяцей ад умяшаньня ў асабістае жыцьцё. А калі сапраўды ёсьць праблемы, ёсьць неабходнасьць наведаць гэтых дактароў — лепш дзяўчынцы гэта зрабіць з маці. Можна схадзіць у прыватны мэдычны цэнтар, знайсьці лекара, да якога ёсьць давер.
«Зараз дзяцей напалохалі, што інфармацыя можа перадавацца ў міліцыю, і ёсьць вельмі вялікая рызыка, што дзяўчынка атрымае стрэс. Ёсьць таямніца інтымнага жыцьця, і ў падлеткавым узросьце гэта асабліва востра ўспрымаецца. Нават калі дзяўчына-падлетак ужо не цнатлівая, гэта зусім ня доказ, што быў учынены гвалт. А наагул, калі пра гэта будуць казаць чужым дарослым, міліцыі — у дзіцяці можа быць шок».
Трэба абараняць і хлопчыкаў
І яшчэ на адну акалічнасьць зьвяртае ўвагу дзіцячы псыхоляг — на абарону хлопчыкаў.
«Калі на дзяўчынку націснуць, яна можа каго заўгодна назваць, з кім у яе былі інтымныя адносіны. Тут шмат пытаньняў і псыхалягічных, і юрыдычных. Рызыка ж ня толькі для дзяўчат, але і для хлопчыкаў. Іх жа могуць агаварыць, а ў падлеткавым узросьце псыхіка хлопчыкаў таксама вельмі ўразьлівая», — перакананая Сьвятлана Дзядова.
На думку дзіцячага псыхоляга, магчыма, патрэбныя нейкія асобныя заняткі для дзяўчат і юнакоў у школах, і «нават не пэдагогі павінны іх праводзіць, а спэцыялісты-сэксолягі, псыхолягі, тыя ж дзіцячыя лекары».