Эўрапейскі Зьвяз выдзеліў 1 мільён 200 тысяч эўра на стварэньне інфармацыйных сыстэмаў аб зямельных рэсурсах Беларусі.
Пра гэта 20 лютага паведаміў журналістам генэральны дырэктар Нацыянальнага кадастравага агенцтва Андрэй Філіпенка:
«Праца пачынаецца сёлета ў красавіку і скончыцца ў канцы 2020 году. Эўрапейскі зьвяз праз тэндар вызначыў дзьве базавыя краіны — Гішпанію і Нідэрлянды, якія будуць апекавацца нашымі спэцыялістамі».
Філіпенка дадаў, што асноўная мэта праекту — разьвіцьцё лічбавых аўтаматызаваных сыстэмаў зьбіраньня, абмену і прадстаўленьня зьвестак пра зямельныя рэсурсы Беларусі. А таксама ўзаемадзеяньня галоўнай установы — Дзяржаўнага камітэту маёмасьці — зь іншымі дзяржаўнымі структурамі.
Паводле Філіпенкі, гэты камітэт зрабіў значны крок наперад у апэратыўнасьці (у 2018 годзе больш за 27% усіх угод рэгістрацыі нерухомай маёмасьці ў Беларусі афармляліся цягам адной гадзіны), тым часам як іншыя дзяржаўныя структуры адстаюць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржава падрыхтавала праект дэкрэту, каб спрасьціць продаж незапатрабаванай нерухомасьці