Складальнікі пэтыцыі за перайменаваньне Віцебскай абласной бібліятэкі імя Леніна ў бібліятэку імя Васіля Быкава атрымалі адмоўны адказ з аблвыканкаму.
Няма агульнага погляду — і ўлады вырашылі ўхіліцца
У лісьце з подпісам начальніка ўпраўленьня культуры Віцебскага аблвыканкаму Пятра Падгурскага напісана, што чыноўнікі ня будуць разглядаць гэтае пытаньне «ў сувязі з адсутнасьцю адзінага падыходу і палярнасьцю поглядаў».
«Сярод жыхароў Віцебску і чытачоў бібліятэкі зь іншых рэгіёнаў існуюць розныя погляды на магчымасьць перайменаваньня. У прыватнасьці, частка зь іх выступае за захаваньне цяперашняй назвы», — гаворыцца ў адказе.
На думку стваральніцы пэтыцыі Тацяны Севярынец, мясцовыя ўлады ўхіліліся ад вырашэньня пытаньня.
«Што значыць „існуюць розныя погляды“? Ці погляды тых, каму падабаецца назва ў гонар памяці Леніна, больш слушныя за нашы? Мясцовыя ўлады маглі б зладзіць грамадзкае абмеркаваньне ды падлічыць, колькі галасоў будзе „за“, колькі „супраць“, і якія яшчэ ў людзей ёсьць думкі», — кажа спадарыня Тацяна.
Пад пэтыцыяй цягам тыдня падпісаліся 325 чалавек. Апрача гэтага, подпісы зьбіраліся і пад калектыўнымі лістамі. Сабраўшы 114 подпісаў за некалькі дзён, Тацяна Севярынец аднесла ў аблвыканкам і іх.
Бібліятэку імя Скарыны ўлады таксама ня хочуць
У камэнтарах да пэтыцыі гучалі прапановы замест імя Леніна ўшанаваць у назьве абласной бібліятэкі памяць тых асобаў, якія зрабілі вялікі ўнёсак у беларускую культуру. Згадвалася, прыкладам, імя Францішка Скарыны.
Летась у Віцебску больш за 500 чалавек падпісаліся пад пэтыцыяй ушанаваць у назьве абласной бібліятэкі замест Леніна Францішка Скарыну. З Галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы, культуры і ў справах моладзі ім адказалі, што пытаньне «патрабуе дэталёвай прапрацоўкі і вывучэньня грамадзкай думкі, паколькі такія дзеяньні могуць выклікаць нэгатыўную рэакцыю ў часткі насельніцтва». Ідэолягі выказалі меркаваньне, што назваць бібліятэку ў гонар Скарыны можна было б да нейкай юбілейнай даты, але, маўляў, у 2018 годзе «скарынаўскіх» юбілеяў няма.
Ранейшыя спробы перайменаваньня бібліятэкі таксама ня мелі посьпеху
У 2019-м славутаму пісьменьніку і земляку Васілю Быкаву спаўняецца 95 гадоў. Адзначыць гэта перайменаваньнем бібліятэкі ўлады ня хочуць.
Зрэшты, самая першая прапанова перайменаваць бібліятэку ў гонар Быкава прагучала яшчэ ў 2003 годзе. Прадстаўнікі Таварыства беларускай мовы накіравалі лісты з прапановамі ў адміністрацыю Лукашэнкі, Міністэрства культуры, мясцовым уладам. Адказам сталі пратэсты мясцовых вэтэранаў.
У адказе загадчыка ўпраўленьня абласнога аддзелу культуры гаварылася, што «напярэдадні сьвяткаваньняў 60-х угодкаў вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў лічым немэтазгодным пераймяноўваць дзяржаўную ўстанову „Віцебская бібліятэка імя Леніна“, бо гэта справакуе супрацьстаяньне вэтэранаў Вялікай Айчыннай вайны».