Пасьля адмовы швэдзкага суду выдаць Польшчы былога сталінскага судзьдзю ў Міністэрства замежных справаў Польшчы выкліканы пасол Швэцыі ў Варшаве. Пра гэта паведамляе польскі тэлеканал TVP-Info.
Стэфан Міхнік, якi вынес шэраг сьмяротных прысудаў — зводны брат галоўнага рэдактара «Газэты Выборчай» Адама Міхніка, вядучага крытыка кіруючай у Польшчы партыі «Права і справядлівасьць».
Паводле паведамленьняў польскіх СМІ, 89-гадовы Стэфан Міхнік абвінавачваецца ва ўчыненьні шэрагу злачынстваў, сярод якіх — вынясеньне нелегальных сьмяротных прысудаў у пачатку 1950-х гадоў. Ахвярамі Міхніка сталі дзеячы польскіх падпольных фармаваньняў, якія арганізавалі ўзброены супраціў спачатку супраць немцаў, а пасьля Другой сусьветнай вайны — супраць новай камуністычнай улады.
У кастрычніку 2018 году акруговы вайсковы суд у Варшаве выдаў эўрапейскі ордэр на арышт супраць брата галоўнага рэдактара польскай «Газэты Выборчай». У студзені польскія органы зьвярнуліся ў суд у швэдзкім Гётэборгу (у яго юрысдыкцыі жыве Стэфан Міхнік) і запатрабавалі дазволіць яго экстрадыцыю.
У лютым суд у Швэцыі адмовіўся гэта зрабіць, спаслаўшыся на мясцовыя юрыдычныя нормы: паводле швэдзкіх законаў ужо скончыўся тэрмін даўнасьці па злачынствах,ва ўчыненьні якіх абвінавачваецца Міхнік. Акрамя гэтага, абвінавачаны мае грамадзянства Швэцыі.
З гэтымі аргумэнтамі ня згодны польскі ўрад: «варта лічыць прэцэдэнтнай сытуацыю, у якой ^[краіна^] адмаўляецца выдаць сталінскага злачынцу, які вынес сьмяротныя прысуды, віна якога ва ўчыненьні злачынстваў супраць чалавецтва даказаная. У гэтых злачынстваў няма тэрміну даўнасьці», — заявіў намесьнік міністра замежных справаў Польшчы Шыман Шынкоўскі.
Па выніках узбуджанай супраць Стэфана Міхніка крымінальнай справы ў 2010 годзе ўжо быў выдадзены эўрапейскі ордэр на арышт. Тады суд ў швэдзкім горадзе Упсала адмовіў Польшчы ў экстрадыцыі былога сталінскага судзьдзі.
Пасьля антысэміцкай чысткі ў польскай арміі ў канцы 1960-х гадоў Стэфан Міхнік эміграваў у Швэцыю. Зводны брат галоўнага рэдактара «Газэты Выборчай» стаў актыўна падтрымліваць дэмакратычную апазыцыю ў Польшчы, супрацоўнічаючы таксама з польскай службай Радыё Свабода.
Свой удзел у сталінскіх рэпрэсіях Міхнік патлумачыў вельмі маладым узростам, назваўшы сябе «несьвядомым інструмэнтам тэрору». Галоўны рэдактар «Газэты Выборчай» Адам Міхнік раней заяўляў, што ўзрост не вызваляе яго зводнага брата ад адказнасьці. Пры гэтым ён лічыць, што жыцьцёвы шлях Стэфана Міхніка выкарыстоўваецца цяперашняй уладай для дыскрэдытацыі яго дзейнасьці як вядучага крытыка кіруючай партыі.