Дэпутатка Анісім не змагла дамагчыся прыпынку для землякоў у Стаўпецкім раёне

Ілюстрацыйнае фота

У якасьці кампрамісу мясцовыя ўлады павялічылі колькасьць аўтобусных рэйсаў у вёску Савоні.

Нягледзячы на намаганьні дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў па Стаўпецкай выбарчай акрузе № 70 Алены Анісім пабудаваць чыгуначны прыпынак каля вёскі Савоні, улады адмовіліся гэта зрабіць. Мясцовыя жыхары раней пагражалі перакрыць чыгунку праз ігнараваньне ўладамі іхных зваротаў.

Эканамічна немэтазгодна

Алена Анісім

«Улады паставілі ў гэтай справе кропку, — сказала 19 лютага Свабодзе дэпутатка. — Я атрымала шэраг адмоўных адказаў з розных уладных структураў. Сэнс лістоў аднолькавы — узводзіць прыпынак эканамічна немэтазгодна. Але чыноўнікі ёсьць чыноўнікі — ні ў адным лісьце не было лічбаў ці канкрэтных выкладак, якія пацьвярджалі б іхнае рашэньне».

Спадарыня Анісім сама родам зь вёскі Савоні і хацела дапамагчы землякам.

«Колькі б не гаварылі пра Год малой радзімы, але на прыкладзе прыпынку я пераканалася, што зрабіць можа гэта хіба што міністар, які можа выбіць пад канкрэтную праблему грошы зь бюджэту. Дэпутату такое асіліць немагчыма», — канстатуе Анісім.

Яна кажа, што мясцовыя жыхары ўспрынялі навіну аб тым, што чыгуначны прыпынак ня будзе будавацца, спакайней, чым раней.

«Людзі больш-менш задаволеныя. Раней аўтобус, які падвозіў людзей да Стоўпцаў, хадзіў толькі тры разы на тыдзень, робячы па два рэйсы на дзень. Цяпер аўтобус езьдзіць штодня, і ня два, а тры разы на дзень. Разам з выбарнікамі мы дамагліся нейкага кампрамісу».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памочнік Лукашэнкі прыехаў да вяскоўцаў, якія гразіліся перакрыць чыгунку на Стаўпеччыне

У чым праблема?

Мясцовыя жыхары патрабавалі пабудаваць чыгуначны прыпынак каля вёскі Савоні на маршруце электрычкі Менск — Баранавічы. Там аграгарадок «Горкі», паблізу — вёскі Жа́церава, Раёўшчына, Вечатарова. Найбліжэйшы прыпынак Асіпоўшчына — больш як за 4 кілямэтры без дарогі.

«Цягнікі праяжджаюць міма нашых пяці кампактна разьмешчаных вёсак, паміж якімі добрае злучэньне — асфальтаваная дарога, і спыняюцца далёка ў полі, — гаварылася ў звароце да ўладаў. — Ніякіх пад’язных дарог да прыпынку Асіпоўшчына няма. Мы ходзім па полі, па шпалах. Былі выпадкі траўмаваньня людзей на чыгунцы... За апошнія 5 гадоў загінулі 6 чалавек».