У Луганскай вобласьці падчас аднаго з баявых выхадаў на пазыцыі паранены беларускі добраахвотнік, які падпісаў з украінскім войскам кантракт на службу. Ён у рэанімацыі.
Як паведамілі Свабодзе сябры параненага, украінскія валянтэры, грамадзянін Беларусі знаходзіцца ў рэанімацыі зь цяжкім раненьнем — яму адарвала ступню. Суразмоўцы не выключаюць, што такую рану ён мог атрымаць, наступіўшы на міну.
У прэсавым цэнтры Апэрацыі аб’яднаных сіл на Данбасе паведамілі, што напярэдадні ў выніку абстрэлаў з боку незаконных узброеных фармаваньняў былі параненыя чатыры вайскоўцы, але адмовіліся ўдакладняць падрабязнасьці.
Вядома, што ўчора, калі беларус атрымаў раненьні, моцныя мінамётныя і гранатамётныя абстрэлы адбываліся каля трох населеных пунктаў на Луганшчыне — Кацярынаўкі, Новатошкаўскага і Крымскага.
Да падпісаньня кантракту з Узброенымі сіламі Ўкраіны беларус служыў у добраахвотніцкім батальёне «Азоў». Ягонае прозьвішча просяць не называць зь меркаваньняў бясьпекі.