21 лютага ў сьвеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. У Беларусі з гэтай нагоды адбудзецца шэраг імпрэзаў на самых розных пляцоўках — ад навукова-практычных канфэрэнцыяў і лекцыяў да выступаў папулярных музыкаў і літаратараў у кавярнях і крэатыўных прасторах.
1. Тыдзень навуковых дыскусіяў
Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа ладзіць цэлы тыдзень роднай мовы — шэраг навукова-практычных канфэрэнцыяў, круглых сталоў, лекцыяў.
Падрабязнасьці на сайце Інстытуту мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук.
2. Прэзэнтацыя ўнікальнага слоўніка
Прэзэнтацыя кнігі Апанаса Ярушэвіча «Расейска-беларускі слоўнік. Архіўная спадчына» аб’ёмам 13 190 рэестравых адзінак.
Унікальнае выданьне падрыхтаванае Інстытутам мовазнаўства сумесна з Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь. Укладальнік зьбіраў матэрыялы для слоўніка ў 1907–1918 гадах, калі слоўнікаў новай беларускай мовы яшчэ не было або яны толькі рыхтаваліся.
20 лютага, менскі Дом-музэй І зьезду РСДРП, 15.00.
3. Instagram-акцыя
Музэй Якуба Коласа праводзіць Instagram-акцыю «Маё любімае слова на роднай мове».
Да ўдзелу запрошаныя ўсе, для каго родная мова — мілагучная, дзіўная, далікатная, пявучая, арыгінальная і, галоўнае, любімая. Трэба знайсьці беларускае слова, якое выклікае ўсьмешку, зьмясьціць фатаздымак і слова ў сетцы Instagram з хэштэгам #DRM_kolas.
Пераможцаў вызначаць 21 лютага, яны атрымаюць памятныя прызы.
Кампанія «Беларускамоўны»
«Арт-сядзіба», кампанія «Будзьма беларусамі», Саюз беларускіх пісьменьнікаў, ПЭН-цэнтар, тэлеканал Белсат і каталёг Say.by абвясьцілі кампанію «Беларускамоўны».
Кампанія, паводле яе стваральнікаў, мае на мэце дасягнуць рэальнага моўнага раўнапраўя ў Беларусі.
Сёлета імпрэзы ў рамках кампаніі адбудуцца ня толькі ў Менску, але і ў рэгіёнах. Усе імпрэзы, пералічаныя ў сьпісе ніжэй, праходзяць у рамках гэтай кампаніі.
4. Канцэрт і забавы
У менскай кавярні «Грай» пройдуць вялікі канцэрт, конкурсы, забавы.
Удзельнікі: Усевалад Сьцебурака, Наста Кудасава, Марыя Мартысевіч, Стась Карпаў. Музыкі: гурт «Akute», «Uzari», рэпэр ANGST. Для ўсіх гасьцей гульня-шоў «Самшазам» — нешта кшталту «Ўгадай мэлёдыю».
На другім паверсе — настольныя гульні, дзіцячыя забавы, кірмаш сувэнірнай прадукцыі з этнакалярытам.
21 лютага, 18.00, Менск, Інтэрнацыянальная вуліца, 33.
5. Выступ бардаў
У Берасьці, у прасторы «Дзедзіч», пройдзе выступ беларускамоўных бардаў.
Чакаецца літаратурна-музычная замалёўка «Хутка вясна» з удзелам бардаў Алеся Камоцкага і Алесі Сівохінай. Таксама будзе выступаць пісьменьніца Натальля Харытанюк.
21 лютага, 18.00, Берасьце, вуліца Маякоўскага, 46.
6. Баі на мячах
Магілёўскі цэнтар «Кола» падрыхтаваў рыцарскую праграму.
Рэканструктары клюбу «Волат» Юры Ўсьціновіч і Андрэй Дундукоў выступяць з рыцарскай праграмай: выстава дасьпехаў і ўзбраеньня, баі на мячах, цікавыя факты пра адметнасьці бою. Будуць і конкурсы. Госьць — пісьменьнік і журналіст Алесь Кіркевіч.
21 лютага, 18.30, Магілёў, завулак Чкалава, 16.
7. Сольны канцэрт Вайцюшкевіча ў Горадні
Канцэрт Зьмітра Вайцюшкевіча да Дня роднай мовы, горадзенская прастора «Ў цэнтры».
21 лютага, 19.00, Горадня, вуліца Кірава, 3.
8. Сярэднявечная музыка ў Гомлі
У гомельскім цэнтры беларускай мовы пройдзе сустрэча зь мясцовымі літаратарамі Сяргеем Балахонавым і Юльянай Пятрэнкай, а гурт «Літы талер» выканае сярэднявечную музыку з сучаснымі матывамі.
21 лютага, 18.00, Гомель, Працоўная вуліца, 22.
9. Сольны канцэрт Такінданга ў Віцебску
У віцебскім арт-пабе «Торвальд» пройдзе творчая вечарына і канцэрт Андруся Такінданга.
22 лютага, 19.00, Віцебск, вуліца Талстога, 1.
10. Сьпеўны сход у Бабруйску
У бабруйскай крэатыўнай прасторы «1387» ладзяць «Сьпеўны сход» са Зьмітром Вайцюшкевічам. Таксама выступяць мясцовыя гурты. Моўныя курсы «Мова нанова Бабруйск» адзначаць сваё 5-годзьдзе.
23 лютага, 18.00, Бабруйск, Чангарская вуліца, 54.
11. Салодкі Дзень роднай мовы ў Магілёве
Таварыства беларускай мовы сумесна з cukerki.by зладзіць у цэнтры Магілёва «Салодкі Дзень роднай мовы». Падчас акцыі валанцёры павіншуюць гараджан са сьвятам, прапануюць ім праверыць веды ў беларускай мове і атрымаць салодкі пачастунак.
21 лютага, 12:00–14:00, Магілёў, плошча Зорак (Ленінская вуліца, 47).
12. Традыцыйная дыктоўка
Таварыства беларускай мовы правядзе 12-ю агульнанацыянальную дыктоўку.
Рада ТБМ прапануе дыктоўку паводле твораў Кастуся Каліноўскага («Адкуль узялася паншчына?» з «Мужыцкай праўды»), Уладзімера Арлова (чатыры фрагмэнты з эсэ «Незалежнасьць — гэта...»), Уладзімера Караткевіча («Беларуская песьня»). А для школаў — верш магілёўскай дзяўчынкі Насьці Мацюлінай «Наказ».
21 лютага, офіс ТБМ (Менск, вуліца Румянцава, 13). Пачатак у 18.00.
21 лютага, горадзенская прастора "Ў цэнтры". (Горадня, вуліца Кірава, 3) Пачатак у 18.00
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як папулярызаваць беларускую мову: 15 прапаноў Алены Анісім да «галоўнага ідэоляга»