Сацыяльная сетка Facebook заблякавала некалькі англамоўных акаўнтаў, зьвязаных з расейскім мэдыяпраектам Russia Today. Гэта адбылося пасьля публікацыі CNN пра тое, што гэтыя акаўнты схавалі ад сваіх чытачоў, што яны фінансуюцца зь бюджэту расейскага ўраду.
Праекты належалі кампаніі Maffick Media, якая базуецца ў Нямеччыне. Яна спэцыялізуецца на вытворчасьці відэа для сацсетак. Пры гэтым RT валодае кантрольным пакетам акцый кампаніі. Заблякаваныя акаўнты займаліся галоўным чынам распаўсюджваньнем відэа. Адзін зь іх — In the now — меў на Facebook некалькі мільёнаў падпісчыкаў і некалькі мільярдаў праглядаў відэа. Іншыя заблякаваныя праекты: Soapbox, Back Then і Waste-Ed.
Паводле дадзеных CNN, праекты RT былі нацэленыя галоўным чынам на маладых жыхароў ЗША, так званых «міленіялаў». У многіх відэа зьмяшчалася крытыка палітыкі ЗША.
Аб блякаваньні акаўнтаў стала вядома ў ноч на 18 лютага. «Людзі, якія заходзяць на гэтыя старонкі, не павінны быць уведзеныя ў зман адносна таго, хто стаіць за імі», — цытуе CNN заяву прадстаўніка Facebook. Кампанія падкрэсьліла, што доступ да акаўнтаў можа быць зноў адкрыты, калі яны пакажуць сваю сувязь з Расеяй.
У той жа час правілы карыстаньня Facebook наўпрост не патрабуюць раскрыцьця крыніцы фінансаваньня тых ці іншых старонак. Кампанія Maffick у сваёй заяве прызнае, што «падобна як і NPR, PBS, BBC, DW, CBC, AJ + і мноства іншых мэдыякампаніяў» часткова фінансуецца ўрадам, і ў той жа час сьцьвярджае, што не парушала правілы Facebook і ня распаўсюджвала «фальшывыя навіны».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Францыі прынялі законы супраць фэйкавых навінаўРашэньне сацсеткі аб блякаваньні акаўнтаў у заяве названае праявай «цэнзуры»і «макартызмам». Раней прадстаўнік кампаніі Maffick сказаў CNN, што ня ўказваць крыніцы фінансаваньня — гэта «стандартная бізнэс-практыка», паколькі «аўдыторыя ў цэлым не цікавіцца падобнымі рэчамі».
У сваім тэлеграм-канале RT назваў тое, што здарылася «чарговым доказам, што CNN і Facebook цяпер дзейнічаюць тупа як цэнзура Дзярждэпу».
У апошнія некалькі гадоў Facebook крытыкавалі ў Кангрэсе ЗША за недастатковую, на думку заканадаўцаў, барацьбу з распаўсюджваньнем так званых «фальшывых навінаў». Удзел так званай расейскай «фабрыкі троляў» у агітацыі перад выбарамі ў ЗША ў 2016 годзе праз Facebook у Злучаных Штатах успрымаецца як магчымае ўмяшаньне Расеі ў выбары.
У 2018 годзе Facebook зьмяніў правілы публікацыі палітычнай рэклямы, а таксама пэрыядычна блякуе акаўнты, якія могуць мець дачыненьне да «фабрык троляў».