У судзе Маскоўскага раёну Менску пачаўся працэс над былым дырэктарам Палаца спорту, 58-гадовым Сяргеем Прановічам. Яго судзяць за атрыманьне хабараў і махлярства, паведамляе БЕЛТА. З прычыны гэтага скандалу тады адправілі ў адстаўку міністра спорту і турызму Аляксандра Шамко.
Сяргей Прановіч кіраваў Палацам спорту амаль 10 год. Працуючы на пасадзе дырэктара, за гэты час ён атрымаў хабараў агулам на 67,9 тысячы беларускіх рублёў, 6,1 тысячы даляраў, а таксама браў у якасьці хабару алькаголь, прадукты, адзеньне і іншыя прадметы. Акрамя таго, «шляхам махлярства» атрымаў хабар у 9,2 тысяч беларускіх рублёў.
Хабар Прановічу давалі за вырашэньне пытаньняў, найчасьцей зьвязаных з арэндай памяшканьняў і абсталяваньня. Усяго сьледзтва ўстанавіла 178 эпізодаў хабару і махлярства, агулам на суму каля 78 тысяч рублёў.
Дырэктара Палацу спорту вінавацяць па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі: замах на атрыманьне хабару ў асабліва буйным памеры, атрыманьне хабару, падбухторваньне да даваньня хабару, махлярства, крадзеж шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дырэктар менскага Палаца спорту затрыманы за сыстэматычнае хабарніцтваСяргея Прановіча затрымалі супрацоўнікі КДБ у лютым 2018 году пры спробе атрыманьня чарговага хабару на суму 2 тысячы рублёў.
У КДБ тады заявілі, што кіраўнік установы рэгулярна браў хабар, яго памеры вагаліся ад 100 да 1200 даляраў — залежна ад рэнтабэльнасьці, якая чакалася ад выставы ці іншага мерапрыемства. Яму плацілі гандляры слодычамі і пастаўшчыкі абсталяваньня, арганізатары каціных выставаў і канцэртаў, дырэктары прыватных прадпрыемстваў і нават спартовых камандаў.
З нагоды гэтай гісторыі абураўся і Аляксандар Лукашэнка:
«Дайшло да таго, што прыйшлі манашкі сьвечкі прадаць, ён да іх зачапіўся, — казаў ён. — Я ня веру, што міністар пра гэта ня ведаў».
У выніку Лукашэнка адправіў у адстаўку міністра спорту і турызму Беларусі Аляксандра Шамко за «непрыняцьце дзейсных захадаў у барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі правапарушэньнямі ў падведамных арганізацыях».