Спэцыяльны прадстаўнік ЗША па пытаньнях Украіны Курт Волкер заявіў, што Расея ўзяла паўзу і не жадае ўдзельнічаць у перамовах па ўрэгуляваньні канфлікту на Данбасе да заканчэньня выбараў прэзыдэнта ва Ўкраіне.
Пра гэта Волкер сказаў на палях Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы.
«Мы заўсёды за тое, каб сустрэцца і пагаварыць. Расея не праяўляе ніякай цікавасьці або прагрэсу па гэтым пытаньні», — цытуе Курта Волкера «Інтэрфакс-Украіна».
Амэрыканскі дыплямат таксама прызнаў неэфэктыўнасьць менскіх пагадненьняў па ўрэгуляваньні сытуацыі ўна Данбасе.Паводле яго, пагадненьні не працуюць належным чынам з прычыны адмовы Масквы выконваць іх. Ніколі не было спыненьня агню, адводу цяжкага ўзбраеньня або супрацоўніцтва па гэтым пытаньні, сказаў Волкер.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як ва Ўкраіне адрэагавалі на новы мірны плян АБСЭ для ДанбасуРаней правал менскіх пагадненьняў прызналі ў ААН. Удзельнікі перамоваў «згубілі ранейшую дынаміку, а асноўныя бакі няздольныя або не жадаюць заключыць дамову». Гэты канфлікт «у сэрцы Эўропы» не зьяўляецца «сьпячым» або замарожаным, ён працягвае зьбіраць ахвяры, заявіў памочнік генэральнага сакратара ААН Міраслаў Енча.
Ўзброены канфлікт на Данбасе працягваецца з 2014 году. Украіна і Захад абвінавачваюць Расею ва ўзброенай падтрымцы сэпаратыстаў. Крэмль абвяргае гэтыя абвінавачваньні. Паводле дадзеных ААН, за час канфлікту загінулі больш за 10 тысяч чалавек. Паўтара мільёна жыхароў Луганскай і Данецкай абласьцей сталі уцекачамі.
Выбары прэзыдэнта Ўкраіны пройдуць 31 сакавіка. Раней кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў заявіў, што не чакае пазытыўных зьменаў у пляне менскіх дамоўленасьцяў ад Кіева, пакуль не завершацца выбары ва Ўкраіне.